Беларускія культурныя цэнтры плануюць стварыць у краінах блізкага замежжа
8.7.20110 праглядаў
8 ліпеня, Мінск /Крысціна Курловіч - БЕЛТА/. Беларускія культурныя цэнтры плануецца стварыць у краінах блізкага замежжа. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра культуры Тадэуш Стражэцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Упершыню ў дзяржпраграму развіцця культуры рэспублікі на 2011-2015 гады ўключаны вялікі раздзел, які тычыцца работы з беларускім замежжам", - сказаў Тадэуш Стражэцкі.
Намеснік міністра падкрэсліў, што беларусы, якія пражываюць за мяжой, - гэта людзі, якія ствараюць імідж Беларусі ў свеце, якія гатовыя рэалізоўваць не толькі культурна-адукацыйныя, але і важныя эканамічныя праекты. У сумесныя планы ўваходзіць стварэнне грамадскіх арганізацый, фірмаў, удакладніў Тадэуш Стражэцкі і выказаў надзею, што сувязі з беларусамі замежжа будуць захоўвацца.
Таксама ён расказаў, што ідэя фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які праводзіцца ўпершыню ў рамках "Славянскага базару ў Віцебску", з'явілася вельмі даўно. Мэта - падтрымаць беларускія аб'яднанні, якія існуюць за мяжой, а таксама паказаць жыхарам Беларусі творчасць іх суайчыннікаў.
У фестывалі прымаюць удзел больш за 230 прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Гэта калектывы, асобныя выканаўцы, мастакі, майстры народных промыслаў, фотамастакі, прозаікі і паэты беларускіх аб'яднанняў 12 краін свету: Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Галандыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі і ЗША.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой прадставяць гледачам шырокую праграму мерапрыемстваў. Сярод іх - адкрыццё мастацкай выставы "Беларускія мастакі ў свеце", фотавыставы аб дзейнасці беларускіх аб'яднанняў за мяжой, літаратурнай выставы "Паэты і пісьменнікі беларускага замежжа".
Таксама ў рамках фестывалю 9 ліпеня ў Віцебску пройдзе другое пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры, на якім абмяркуюць пытанні супрацоўніцтва ў сферы культуры, адукацыі, інфармацыі, турызму, магчымасці рэалізацыі асобных праектаў. У пасяджэнні савета прымуць удзел прадстаўнікі міністэрстваў культуры, замежных спраў, інфармацыі, адукацыі, унутраных спраў, спорту і турызму, а таксама лідары грамадска-культурных аб'яднанняў беларусаў замежжа, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў Беларусі.
Адной з галоўных тэм, якія будуць абмяркоўвацца на пасяджэнні, стане пытанне аб прыняцці закона аб беларускіх суайчынніках, праект якога ўжо існуе і ўключаны ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2011 год. Таксама прадстаўнікі дыяспар разгледзяць магчымасць стварэння ў Беларусі цэнтра, які будзе каардынаваць дзейнасць грамадска-культурных аб'яднанняў беларусаў замежжа.
Арганізатарам першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які праходзіць у рамках XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" 8-9 ліпеня, выступае Міністэрства культуры.-0-
БЕЛТА