12 снежня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Спецыялісты Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта распрацавалі серыю новых імпартазамяшчальных антысептыкаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на кафедры агульнай гігіены і экалогіі ўніверсітэта.
Сярод навінак - прэпараты "Гіпасепт", "Аносепт", "Катасепт". Асваенне іх у вытворчасці павысіць эфектыўнасць лячэння і прафілактыкі інфекцыйна-запаленчых захворванняў, у тым ліку верхніх дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту, лор-органаў. Новыя распрацоўкі дазволяць цалкам задаволіць попыт на гэту прадукцыю сярод айчынных медустаноў і адмовіцца ад закупкі імпартных антысептычных прэпаратаў, кошт якіх даражэйшы. "Па сваіх характарыстыках - супрацьзапаленчаму і антыбактэрыяльнаму дзеянню - інавацыі не саступаюць замежным аналагам", - адзначылі на кафедры.
У будучыні з выкарыстаннем імпартазамяшчальных інавацыйных распрацовак універсітэта ў Беларусі плануецца асвоіць таксама вытворчасць бактэрыцыдных шклаў, абліцовачнай пліткі і тканін. Унікальная тэхналогія беларускіх медыкаў дазваляе наносіць на такія паверхні нанапакрыццё з аксідаў металаў, якое валодае бактэрыцыднымі ўласцівасцямі. Прымяненне распрацоўкі забяспечыць неабходны санітарна-гігіенічны рэжым у аперацыйных і перавязочных арганізацый аховы здароўя.
Інавацыі былі прадстаўлены на інавацыйным форуме, які нядаўна прайшоў у Мінску, і атрымалі высокую ацэнку ў экспертаў аховы здароўя.
Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт - адна з найбуйнейшых вышэйшых устаноў адукацыі ў Беларусі. Тут праходзіць навучанне больш за 6 тыс. студэнтаў. Навуковая дзейнасць ва ўніверсітэце ажыццяўляецца па такіх напрамках, як хірургічныя хваробы, ваенная і экстрэмальная медыцына, лекавыя сродкі, прафілактыка і лячэнне захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, анкалогія, прафілактыка алкагалізму, наркаманіі і псіхасаматычных захворванняў.-0-
БЕЛТА
Беларускія медыкі распрацавалі серыю імпартазамяшчальных антысептыкаў
12.12.20110 праглядаў