25 жніўня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў перспектыве павялічаць глыбіню перапрацоўкі нафты да 92%. Пра гэта гаворыцца ў стратэгіі развіцця энергетычнага патэнцыялу Беларусі, якая зацверджана пастановай Савета Міністраў №1180 і разлічана на перыяд да канца 2020 года. Тэкст дакумента апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У 2009 годзе глыбіня перапрацоўкі нафты ў ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод" складала 70%, у ААТ "Нафтан" - 73%. Павелічэнне глыбіні перапрацоўкі з 2010 года і ў перспектыве дазволіць прадпрыемствам забяспечыць якасць прадукцыі, якая адпавядае патрабаванням краін Еўрапейскага саюза. У бягучым годзе на "Нафтане" запланаваны ўвод у эксплуатацыю ўстаноўкі запаволенага каксавання магутнасцю 1,6 млн.т па ліцэнзіі фірмы "Фостэр Уілер" (Іспанія) і звязаных з ёй новых установак (вадарод, сера). Завершыцца рэканструкцыя дзеючых установак (сераачыстка, гідраачыстка) і вакуумнага блока па перапрацоўцы гудрону магутнасцю 1,6 млн.т. Аб'ём фінансавання інвестпраектаў складзе Br4,1 трлн., з іх крэдыты банкаў (у тым ліку замежныя) - Br2,7 трлн. Глыбіня перапрацоўкі нафты на заводзе ўзрасце да 92%. У ААТ "Мазырскі НПЗ" запланавана будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў у складзе галоўнай устаноўкі гідракрэкінгу магутнасцю 3 млн.т па ліцэнзіі фірмы "АКСЕНС" (Францыя), мадэрнізацыя вытворчасці вадароду, серы і агульназаводскай гаспадаркі. Аб'ём фінансавання праектаў складзе Br3,4 трлн., з іх крэдыты банкаў (у тым ліку замежныя) - Br2 трлн. Глыбіня перапрацоўкі нафты на заводзе ўзрасце да 90%. -0-

БЕЛТА