2 красавіка, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Беларускія НПЗ будуць перапрацоўваць нафту з глыбінёй да 92%. Пра гэта паведаміла сёння галоўны спецыяліст аддзела перапрацоўкі канцэрна "Белнафтахім" Наталля Лейчанка на V Міжнароднай канферэнцыі "Нафтаперапрацоўка і экспарт нафтапрадуктаў Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Каб павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты, на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе плануецца пабудаваць комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў, а на "Нафтане" узвесці вялікі комплекс запаволенага каксавання. Таксама на ААТ "Мазырскі НПЗ" плануецца ўвесці ў строй устаноўку вакуумнай перагонкі мазуту і камбінаваную ўстаноўку па вытворчасці высокаактанавых дабавак да бензінаў. У 2011 годзе глыбіня перапрацоўкі нафты на ААТ "Нафтан" склала 75% пры вытворчай магутнасці 10,8 млн.т. На ААТ "Мазырскі НПЗ" у сваю чаргу ў мінулым годзе перапрацавалі нафту з глыбінёй 68%, вытворчая магутнасць пры гэтым наблізілася да 12 млн.т. Глыбіня перапрацоўкі нафтавай сыравіны на ААТ "Мазырскі НПЗ" да 2015 года павялічыцца да 90-92%. Пры гэтым скароціцца вытворчасць мазуту да 6,7 млн.т у год і будзе адпавядаць еўрапейскім стандартам. Вытворчасць аўтамабільных бензінаў на Мазырскім НПЗ да 2015 года складзе каля 3 млн.т у год. На ААТ "Нафтан" да 2015 года плануюць таксама павялічыць перапрацоўку нафты да 12 млн.т у год. Павялічыцца і выпрацоўка высокаактанавых аўтабензінаў на 731 тыс.т. На прадпрыемстве праз тры гады будуць выпускаць толькі экалагічна чыстае дызельнае паліва. Пры гэтым узрасце выпуск вакуумнага газайлю, што дазволіць пашырыць экспартны патэнцыял завода. Глыбіню перапрацоўкі нафтавай сыравіны плануюць павялічыць прыкладна да 90%. Вытворчасць мазуту знізіцца да 0,5 млн.т у год, што дазволіць павялічыць перапрацоўку нафты на 1,3 млн.т у год. "Нафтан" таксама плануе выпускаць штогод да 450 тыс.т новага віду прадукцыі - нафтавага коксу. Рэалізацыя праграмы развіцця ААТ "Нафтан" запатрабуе $1,4 млрд. -0-

БЕЛТА