23 лютага, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Беларускія парламентарыі, якія прымуць удзел у зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ 24 і 25 лютага ў Вене, маюць намер нагадаць калегам аб недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы і заклікаць іх да пошуку ўзаемаразумення і ўзаемадзеяння. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў. "Парламентарыі выступяць па асноўных пытаннях парадку дня са сваёй пазіцыяй, акцэнтуючы ўвагу на тым, што Беларусь - гэта суверэнная дзяржава і прынятыя па выніках прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года рашэнні некаторых міжнародных арганізацый і парламентаў краін з'яўляюцца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы. Не абмежавальныя меры, а толькі пошук узаемаразумення і ўзаемадзеянне - адзіна правільныя і надзейныя інструменты развіцця ўзаемаадносін і супрацоўніцтва", - заявілі ў Палаце прадстаўнікоў. На сесіі ПА АБСЕ Беларусь будзе прадстаўляць парламенцкая дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктарам Гумінскім. У склад дэлегацыі ўваходзіць таксама старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ніна Мазай. Беларускія парламентарыі прымуць удзел у пасяджэннях Пастаяннага камітэта ПА АБСЕ, а таксама ў пасяджэннях трох агульных камітэтаў ПА АБСЕ: па палітычных пытаннях і бяспецы, па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі, па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытаннях. У сувязі з тым, што Беларусь старшынствуе ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), падчас зімовага пасяджэння ПА АБСЕ беларуская дэлегацыя плануе правесці нефармальную сустрэчу з прадстаўнікамі дэлегацый дзяржаў - членаў АДКБ для абмену думкамі і выпрацоўкі агульных падыходаў да пытанняў, якія разглядаюцца на мерапрыемстве.-0-

БЕЛТА