27 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Памежнікі ў чарговы раз спынілі спробу незаконнага перасячэння мяжы Беларусі з Латвіяй у Браслаўскім раёне і затрымалі групу нелегальных мігрантаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага памежнага атрада па рабоце са СМІ Дзяніс Глебко. Позна ўвечары 26 красавіка памежны нарад, які рухаўся ўздоўж беларуска-латвійскай мяжы, затрымаў двух грамадзян - выхадцаў з краін былога СССР. Двое мужчын 1976 і 1991 гадоў нараджэння мелі намер незаконна трапіць у Латвію, а затым пераправіцца ў Бельгію. Высветлілася, што старэйшы з затрыманых ужо некалькі разоў быў у краінах ЕС. Ён выязджаў туды як па турыстычнай, так і па працоўнай візах, а затым звяртаўся ў адпаведныя органы з просьбай прызнаць яго бежанцам. Пакуль праходзіла працэдура разгляду яго заявы, ён жыў на сацыяльную дапамогу, часам дзе-небудзь падпрацоўваў. Паколькі законных падстаў для прызнання яго бежанцам не было, то міграцыйныя службы адмаўлялі яму і прапаноўвалі пакінуць краіну пражывання. Пры гэтым няўдалы бежанец атрымліваў ад уладаў білет на самалёт і каля $4 тыс. на кішэнныя выдаткі. Апошняе падарожжа за статусам было летась у Германію. На гэты раз атрымаць візу для ўезду ў ЕС няўдалым мігрантам не ўдалося, і яны вырашылі незаконна перасекчы мяжу. Па гэтым факце праводзіцца праверка. Нарушальнікам мяжы пагражае дэпартацыя і штраф у памеры да Br5 млн. кожнаму. У сярэдзіне красавіка вайскоўцы Полацкага памежнага атрада таксама затрымалі трох незаконных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у краіны ЕС. Як паведаміў Дзяніс Глебко, для прадухілення спроб незаконнага перасячэння Дзяржаўнай мяжы і перапраўкі кантрабанды, адбылося ўзмацненне груп, якія нясуць службу непасрэдна на мяжы за кошт курсантаў інстытута памежнай службы.-0-

БЕЛТА