Беларускія сельгаспрадпрыемствы паставілі ўжо 20% збожжа для дзяржпатрэб, паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення па хлебапрадуктах Мінсельгасхарча Вадзім Перабедынскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Камбінатамі хлебапрадуктаў ідзе нарыхтоўка 860 тыс. т збожжа для дзяржаўных патрэб, з іх на сённяшні дзень ужо пастаўлена 20% - гэта 172 тыс. т збожжа. Уборка раней пачалася ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, таму і тэмпы здачы збожжа для дзяржпатрэб там вышэй - больш за 30% у Брэсцкай вобласці і каля 30% - у Гомельскай. Гродзенская і Магілёўская вобласці паставілі ўжо па 20% збожжа, Мінская - 16%. Прыступіла да здачы ўраджаю і Віцебская вобласць - там здадзена 3 тыс. т, або 3% ад задання", - адзначыў Вадзім Перабедынскі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па хлебапрадуктах распавёў, што для дзяржпатрэб запланавана пастаўка 540 тыс. т пшаніцы, 232 тыс. т жыта, 28 тыс. т ячменю, 40 тыс. т аўса, 15 тыс. т грэчкі і 5 тыс. т проса. Таксама прадугледжана пастаўка 82 тыс. т ячменю піваварнага і 12 тыс. т кукурузы. Акрамя таго, плануецца нарыхтаваць парадку 250-280 тыс. т збожжа для вытворчасці спірту.
"Камбінаты хлебапрадуктаў сёння працуюць у кругласутачным рэжыме. СазBванне збожжа ў гэтым годзе ідзе пазней, таму ў мінулым годзе на гэты час ужо было пастаўлена больш за 50% збожжа для дзяржпатрэб, але гэта справа часу. Што тычыцца якасці збожжа - то яно адпавядае паказчыкам мінулага года", - падкрэсліў Вадзім Перабедынскі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па хлебапрадуктах нагадаў, што ў гэтым годзе закупачныя цэны на збожжа, якое пастаўляецца ў рамках дзяржзаказу, павялічаны на 30%. "У адпаведнасці з рашэннем кіраўніка дзяржавы прадугледжана фінансаванне, льготныя крэдыты на аплату збожжа, якое паступае для дзяржпатрэб. Таксама часткова будуць выкарыстаны сродкі арганізацый. Фінансы ёсць", - канстатаваў ён.