26 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларускія мытнікі канфіскавалі ў расіяніна аўтамабіль эстонкі за нявыплату мытных плацяжоў, распавялі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай мытні.
Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Віцебскай мытні падчас спецыяльных мерапрыемстваў на мяжы Беларусі і Расіі, у Расонскім раёне, затрымалі легкавы аўтамабіль Mersedes-Benz 1999 года выпуску пад кіраваннем грамадзяніна Расійскай Федэрацыі. Як аказалася, аўтамабіль быў часова ўвезены грамадзянкай Эстоніі на мытную тэрыторыю Мытнага саюза - у Расію з Эстоніі - і перададзены ў карыстанне грамадзяніну Расіі.
У адпаведнасці з артыкулам 11 Пагаднення аб парадку перамяшчэння фізічнымі асобамі тавараў для асабістага карыстання праз мытную мяжу Мытнага саюза і здзяйснення мытных аперацый, звязаных з іх выпускам, перадача права карыстання і (або) распараджэння транспартнымі сродкамі для асабістага карыстання, зарэгістраванымі на тэрыторыі замежнай дзяржавы і часова ўвезенымі замежнай фізічнай асобай на мытную тэрыторыю Мытнага саюза на тэрмін свайго часовага знаходжання, дапускаецца толькі пры ўмове іх дэкларавання і выплаты мытных пошлін і падаткаў.
Такім чынам, у выніку перадачы часова ўвезенага легкавога аўтамабіля Mersedes-Benz для асабістага карыстання іншай асобе без дазволу мытнага органа, у грамадзянкі Эстоніі ўзнікла абавязак па выплаце мытных пошлін і падаткаў, памер якога складае арыентыровачна Br150 млн. Транспартны сродак арыентыровачным коштам Br94 млн. канфіскаваны і перададзены на адказнае захоўванне на склад часовага захоўвання. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.-0-
БЕЛТА
Беларускія мытнікі канфіскавалі ў расіяніна аўтамабіль э
26.12.20120 праглядаў