Беларускія ўдзельніцы на дзіцячым конкурсе "Славянскага базару" пачнуць выступленні пад нумарамі 5 і 17
15.7.20120 праглядаў
15 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадстаўніцы Беларусі на юбілейным X Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2012" XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Яўгенія Кляпіцкая і Ліза Мураўёва ў першы конкурсны дзень выйдуць на сцэну пад нумарамі 5 і 17, перадае карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі жараб'ёўкі ўдзельнікаў.
У другі конкурсны дзень дзяўчынкам трэба будзе выступіць пад нумарамі 12 і 7 адпаведна. На суд журы Яўгенія Кляпіцкая прадставіць песні "Кадрыля" і "Беларусь", а Ліза, выхаванка Святланы Стаценкі, паспрабуе ўразіць выкананнем кампазіцый "Папараць-кветка" і "Неба праз край".
Як заўсёды, на жараб'ёўцы зачароўвае магія лікаў. Першай 16 ліпеня апрабаваць сцэну канцэртнай залы "Віцебск", традыцыйнага месца правядзення дзіцячага конкурсу, трэба будзе 10-гадовай расіянцы Ганне Музафаравай, у другі конкурсны дзень - Дзянісу з Малдовы. Закрояць выступленні адпаведна Валерыя Хаменка з Украіны і прадстаўніца Грузіі Марыям Бічашвілі. Магчыма, шчаслівым акажацца для ўдзельніка з Казахстана Алішэра Жаксыбая і румынкі Дзіяны 13-ы нумар, а для ўдзельніка з Македоніі лік 15, пад якім яму трэба будзе выступаць у абодва конкурсныя дні. Прадстаўніца Фінляндыі, якая ўпершыню прымае ўдзел у конкурсе, - Сафія Рямонен паднімецца на сцэну пад нумарамі 16 і 17.
Усяго ў юбілейным Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2012" бяруць удзел 20 юных выканаўцаў з 17 краін свету. З асабістых абставін не змагла прыехаць на музычнае спаборніцтва Габі з Польшчы. У гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА добрага настрою і перамогі кожнаму з конкурсантаў, і, вядома, адзін аднаму пажадалі беларускія ўдзельніцы Жэня і Ліза. "Няважна, пад якім нумарам трэба спяваць, галоўнае - годна прадставіць сваю краіну", - лічаць дзяўчынкі.
Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2012" пройдзе з 16 па 18 ліпеня. У першы дзень конкурсу (16 ліпеня) у канцэртнай зале "Віцебск" юныя ўдзельнікі выканаюць эстрадную песню кампазітара краіны і на мове краіны, якую яны прадстаўляюць. У другі дзень (17 ліпеня) - эстрадную песню па сваім выбары, якая найбольш ярка адлюстроўвае выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці конкурсанта.
Беларусь на конкурсе прадставяць Яўгенія Кляпіцкая і Ліза Мураўёва.
Еўгеніі Кляпіцкай 11 гадоў. Яна вучыцца ў гімназіі №61 горада Мінска. Спевам дзяўчынка займаецца з 5 гадоў, салістка вакальнай студыі "Мікст". Яўгенія актыўна ўдзельнічае ў музычных і песенных конкурсах. Яна – лаўрэат III прэміі III Адкрытага конкурсу мастацтваў "Вікторыя" (г. Мінск, Беларусь, 2009), міжнароднага фестывалю-конкурсу сцэнічнага мастацтва "Мы разам!" (г. Мінск, Беларусь, 2010), II Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні "Новыя імёны - Юніёр" (г. Мінск, Беларусь, 2010), VII Міжнароднага фестывалю юных талентаў "Зямля пад белымі крыламі" (г. Мазыр, Беларусь, 2011), міжнароднага фестывалю дзіцячай і юнацкай творчасці "Мы разам" (г. Брэст, Беларусь, 2012), лаўрэат III Адкрытага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці "Залатая ліра" (г. Магілёў, Беларусь, 2010), лаўрэат I прэміі адкрытага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці "Новыя дасягненні" (г. Мінск, Беларусь, 2012).
Лізе Мураўёвай 10 гадоў. Яна таксама жыве ў Мінску. Дзяўчынка з чатырох гадоў займаецца вакалам, у 7 гадоў стала салісткай Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва ім. В.Г.Мулявіна. Ліза – актыўная ўдзельніца рэспубліканскіх і дабрачынных канцэртаў. Лаўрэат 14 міжнародных конкурсаў і фестываляў. У 2010 годзе яна стала лаўрэатам I прэміі адкрытага конкурсу новай дзіцячай песні "Дзень нараджэння" (г. Санкт-Пецярбург, Расія), IX Міжнароднага конкурсу дзіцячага спеву (г. Анікшчай, Літва), міжнароднага медыяпраекта "Як запальваюцца зоркі" тэлерадыёкампаніі "Мір" (г. Мінск, Беларусь), V Міжнароднага фестывалю-конкурсу "Вясёлка зорак" (г. Варна, Балгарыя), X Міжнароднага конкурсу юных талентаў "Каўнаскі талент" (Літва). У 2011-м – лаўрэатам II прэміі міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці "Езерскі Бісеры" (г. Струге, Македонія), I прэміі X Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці "Сузор'е Будапешта - юнацтва, натхненне, талент" у намінацыі "эстрадны вакал" (г. Будапешт, Венгрыя). Таксама ў 2011 годзе Ліза стала ўладальніцай Паахвотнага прыза Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ужо ў гэтым годзе Ліза Мураўёва заваявала званне лаўрэата I прэміі VII Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці "Акно ў Еўропу" у намінацыі "эстрадна-джазавы вакал" (г. Санкт-Пецярбург, Расія), міжнароднага музычнага конкурсу "Музычная краіна" (г. Санкт-Пецярбург, Расія).Таксама ў дзіцячым конкурсе прымуць удзел Марыям (Балгарыя), Ана Ёванчыч (Боснія і Герцагавіна), Марыям Бічашвілі (Грузія), Талі (Ізраіль), Алішэр Жаксыбай (Казахстан), Агата Албекейтэ (Латвія), Паўліна Скрабітэ (Літва), Андрэй (Македонія), Дзяніс (Малдова), Айгуль Валіуліна, Ганна Музафарава (Расія), Дзіяна (Румынія), Шухрат (Узбекістан), Паліана Рыжак, Валерыя Хаменка (Украіна), Сафія Раямонен (Фінляндыя), Маша (Чарнагорыя), Дар'я Саалістэ (Эстонія).
Ацэньваць выступленне юных талентаў будзе міжнароднае журы. Узначаліць яго Джэмал Сепіашвілі - кампазітар, спявак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Грузіі. У склад журы ўвайшлі Артур Рыгоран, народны артыст Рэспублікі Арменія; беларускі кампазітар Алег Елісеенкаў; балгарскі кампазітар Хайгашод Агасян; казахскі музыкант і спявак Батырхан Шукенаў; прадстаўніца Літвы Мар'яна Сленіене, прадзюсар і арганізатар міжнародных конкурсаў і фестываляў у Прыбалтыцы, Іспаніі і Францыі; Кася Вільк, папулярная польская спявачка, лаўрэат міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2006"; расійскі спявак і музыкант Аляксей Гоман; Рамана Паніч - папулярная спявачка з Сербіі, лаўрэат міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2000"; Аніко Рэхіашвілі, народная артыстка Украіны, прафесар.
Па выніках конкурсных выступленняў уладальнік Гран-пры дзіцячага конкурсу атрымае $5 тыс., 1-й прэміі - $3 тыс., 2-й прэміі - $2 тыс., 3-й прэміі - $1 тыс. Удзельнікі конкурсу, не ўдастоеныя звання лаўрэата, будуць узнагароджаны дыпломам з прысваеннем звання "Дыпламант X Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2012".
Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў X Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2012" пройдзе 18 ліпеня.-0-
БЕЛТА