18 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларускія ўлады здолелі захаваць сваю эканоміку ва ўмовах глабалізацыі. Такі пункт гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў дэкан факультэта сацыяльных навук Даўгаўпілскага ўніверсітэта (Латвія) доктар сацыялагічных навук, прафесар Уладзімір Мяньшыкоў. Ён прымае ўдзел у рабоце міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Сацыяльна-эканамічнае развіццё арганізацый і рэгіёнаў Беларусі: устойлівасць, развіццё, інавацыі", якая праходзіць сёння ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
"Ва ўмовах глабалізацыі, калі востра стаіць пытанне барацьбы за рэсурсы - сыравінныя, працоўныя, інтэлектуальныя, задача ўлад зводзіцца да таго, каб павышаць якасць жыцця людзей, незалежна ад таго, якія эканамічныя ці палітычныя сістэмы пазіцыянуе дзяржава", - перакананы вучоны. У сувязі з гэтым Уладзімір Мяньшыкоў станоўча ацаніў дзейнасць беларускіх улад, накіраваную на абарону інтарэсаў уласнай эканомікі і паляпшэнне ўмоў жыцця грамадзян. "У адрозненне ад Латвіі Беларусь здолела захаваць банкаўскую сістэму, развівае сістэму вышэйшай адукацыі, захоўвае стратэгічныя галіны эканомікі. Як вынік - адсутнасць дэпрэсіўных настрояў у соцыуме", - канстатаваў прафесар.
"Пры гэтым эканоміка краіны носіць адкрыты характар. І для гэтага няма патрэбы праводзіць даследаванні, дастаткова пабываць у крамах - выбар прамысловых і харчовых тавараў велізарны, як айчыннай, так і імпартнай вытворчасці. Такога не было яшчэ дзесяць гадоў таму", - заўважыў Уладзімір Мяньшыкоў, які нярэдка прыязджае ў Беларусь. -0-
БЕЛТА
Беларускія ўлады здолелі захаваць сваю эканоміку ва ўмовах глабалізацыі - вучоны
18.10.20120 праглядаў