31 кастрычніка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларускія кіроўцы цяпер могуць скардзіцца на дарожныя ямы праз Інтэрнэт. Такая магчымасць з'явілася дзякуючы новаму сайту "БелЯма" (www.belyama.by), створанаму для збору інфармацыі аб пашкоджанні дарожнага пакрыцця, а таксама дапамогі аўтамабілістам у падачы скаргаў у ДАІ.
Як распавёў карэспандэнту БЕЛТА каардынатар праекта Павел Баташоў, новы сайт аналагічны сайту "РосЯма", які актыўна дапамагае змагацца з ямачнасцю ў Расіі. Беларускі праект працуе аўтаномна. Кожны кіроўца можа паведаміць тут пра яму або выбоіну на гарадской або рэспубліканскай аўтадарозе. Для гэтага трэба сфатаграфаваць дэфект і размясціць інфармацыю на сайце, які аўтаматычна складзе тэкст скаргі ў ДАІ з патрабаваннем устанавіць вінаватых і выправіць пашкоджанне. Ліст неабходна надрукаваць і адправіць поштай з паведамленнем аб уручэнні.
Калі на працягу 35 дзён на скаргу з ДАІ не адказалі, карыстальнік можа адправіць скаргу ў суд, тэкст якой генеруецца аўтаматычна. Калі ж ДАІ накіравала адпаведнае прадпісанне ў муніцыпальныя органы або падраднай арганізацыі аб ліквідацыі пашкоджання, але яма ўсё яшчэ на месцы, то сайт генеруе шаблон скаргі ў суд ужо іншага зместу - аб правядзенні праверкі па факце невыканання прадпісання ДАІ і парушэння заканадаўства аб утрыманні і рамонце аўтамабільных дарог і бяспецы дарожнага руху.
Новы сайт працуе ў адкрытым доступе каля тыдня. За гэты час на ім размешчана інфармацыя аб 44 дарожных дэфектах, даныя аб 19 ямах перададзены ў ДАІ, пры гэтым дзве з іх ужо выпраўлены. Самымі актыўнымі карыстальнікамі рэсурсу выступаюць мінчане. "Працэс пайшоў - на некалькі ям ужо стала менш, значыць, сайт пачаў прыносіць карысць", - адзначыў суразмоўца. Пры гэтым ён выказаў упэўненасць у тым, што ў будучыні гэтая карысць будзе толькі ўзрастаць.-0-
БЕЛТА
Беларускія кіроўцы цяпер могуць скардзіцца на дарожныя ямы праз Інтэрнэт
31.10.20110 праглядаў