3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі старт уступнай кампаніі 2014 года будзе дадзены 5 сакавіка. Менавіта ў гэты дзень пачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў на прафесійна-псіхалагічную гутарку, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна.
Рэгістрацыя пройдзе з 5 па 31 сакавіка ўключна і толькі ў тых ВНУ, якія вызначаны месцамі правядзення гутаркі па асобных групах спецыяльнасцей.
Падаць заяўкі на праходжанне гутаркі павінны ўсе, хто хоча паступаць у ВНУ на спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне і права", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "журналістыка" (у тым ліку калі яна з'яўляецца дадатковай спецыяльнасцю), "міжнародная журналістыка", "мытная справа".
На гутарку павінны зарэгістравацца абітурыенты незалежна ад формы будучай адукацыі (вочная, завочная, дзённая, вячэрняя, атрыманне другой вышэйшай адукацыі). Зарэгістравацца абітурыенты могуць самастойна - для гэтага яны павінны прыбыць у прыёмную камісію ВНУ і падаць заяву аб жаданні ўдзельнічаць у гутарцы. Неабходна мець пры сабе дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт). Пры накіраванні заявы па пошце да яе абавязкова трэба прыкласці копію дакумента, які сведчыць асобу. Заявы, накіраваныя па пошце, павінны паступіць у ВНУ не пазней 31 сакавіка. Заявы, якія паступілі пасля 31 сакавіка, не разглядаюцца. Не дапускаецца рэгістрацыя на адну і тую ж спецыяльнасць (групу спецыяльнасцей) у розных ВНУ.
Прафесійна-псіхалагічная гутарка пройдзе з 5 па 30 красавіка ў адпаведнасці з графікамі, зацверджанымі ВНУ, якія праводзяць гутарку.
Гутарка праводзіцца ў форме індывідуальнай размовы камісіі з абітурыентам з мэтай выяўлення асобасных, дзелавых якасцей, здольнасцей і матывацыі да навучання па выбранай спецыяльнасці (групе спецыяльнасцей). Тут могуць быць зададзены пытанні не толькі аб тым, чаму выбрана гэтая прафесія, але і аб найбольш прывабных, на думку абітурыента, аспектах прафесійнай дзейнасці, прэстыжы прафесіі, яе сацыяльнай значнасці.