Беларускія ВНУ падвялі вынікі залічэння на завочную бюджэтную форму навучання
3.8.20120 праглядаў
3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уступная кампанія ў Беларусі выходзіць на фінішную прамую – сёння ВНУ падвялі вынікі залічэння на бюджэтную завочную форму навучання, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце план прыёму на бюджэтную завочную форму складаў 440 месцаў, з якіх 60 адвялі для выпускнікоў каледжаў і тэхнікумаў для атрымання вышэйшай адукацыі ў скарочаныя тэрміны.
Як праінфармавалі ў прэс-службе ВНУ, сёлета 740 чалавек пажадалі стаць завочнікамі-бюджэтнікамі БДУ. "Сярод іх 524 выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 60 абітурыентаў з адзнакай скончылі сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і 14 выпускнікоў ПТВ", – удакладнілі ў прэс-службе.
Што тычыцца конкурсаў, то самыя высокія склаліся на спецыяльнасцях "правазнаўства" (для выпускнікоў юрыдычнага каледжа на скарочаную форму) – 4 чалавекі на месца. На "матэматыку" (напрамак інфармацыйныя тэхналогіі для выпускнікоў каледжаў на скарочаную форму) і на спецыяльнасці біялагічнага факультэта конкурс склаў 2,8 і 2,7 адпаведна.
Студэнтамі-завочнікамі дзённай формы навучання ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце сталі 699 чалавек, у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце – 530.
Згодна з інфармацыяй, размешчанай на сайце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, да залічэння на першы курс гэтага ВНУ на завочную бюджэтную форму навучання прыёмная камісія рэкамендавала 540 чалавек. Дагаворы на навучанне з імі будуць заключаць з 3 па 8 жніўня.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на завочную бюджэтную форму навучання сёлета планавалі набраць 185 чалавек. "План прыёму на дадзеную форму навучання выкананы цалкам", – адзначылі ў прэс-службе ВНУ.
Як паведамлялася раней, у 2012 годзе на навучанне за кошт сродкаў бюджэту планавалася прыняць 32,2 тыс. абітурыентаў (на 700 чалавек менш), з іх на дзённую форму – 24,4 тыс. (менш на 610), завочную – 7,8 тыс. (менш на 150).
Дзяржаўныя ВНУ рыхтаваліся прыняць 77,3 тыс. чалавек, у тым ліку на дзённае аддзяленне 45,2 тыс., завочнае – 31,8 тыс. У ВНУ прыватнай формы ўласнасці план прыёму складаў: на дзённую форму – 6,6 тыс., на завочную – 7,6 тыс., на вячэрнюю – 120 чалавек.
Вынікаў уступнай кампаніі на дадзены момант чакаюць абітурыенты, якія не прайшлі на бюджэт. Залічэнне на ўсе платныя аддзяленні завершыцца 6 жніўня.
У 2012 годзе прыём на ўзровень вышэйшай адукацыі ажыццяўляюць 54 навучальныя ўстановы: 45 дзяржаўнай формы ўласнасці, 9 - прыватнай. На ўсе формы атрымання адукацыі запланавана прыняць каля 91,6 тыс. чалавек (на 14 тыс. менш, чым у 2011 годзе), у тым ліку на дзённую форму - 51,77 тыс. (менш на 5,4 тыс.), завочную - 39,42 тыс. (менш на 8,7 тыс.), вячэрнюю - 420 чалавек.
БЕЛТА