Беларускія ВНУ другога патоку сёння пачынаюць прыём дакументаў ад абітурыентаў
16.7.20120 праглядаў
16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыёмныя камісіі ВНУ другога патоку як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці (акрамя завочнай і вячэрняй формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю), на ўсе формы атрымання адукацыі пачынаюць сёння прыём дакументаў ад абітурыентаў. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі Юлія Ваніна.
Дакументы можна падаваць па 25 ліпеня (на ваенныя факультэты – па 23 ліпеня).
З гэтага года дзейнічае новаўвядзенне, згодна з якім законным прадстаўнікам непаўналетніх абітурыентаў прадастаўлена магчымасць падаваць дакументы ў прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі і заключаць дагаворы на навучанне. У выпадку адсутнасці арыгінала пашпарта абітурыента прад'яўляюцца натарыяльна засведчаныя копіі старонак пашпарта.
Да ВНУ другога патоку адносяцца вышэйшыя навучальныя ўстановы дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, за выключэннем ВНУ МУС, МНС, міністэрстваў абароны і культуры. Абітурыенты павінны падаць у ВНУ тры сертыфікаты ЦТ альбо два, калі ў ВНУ будзе праведзены ўнутраны экзамен па прадмеце. Унутрывузаўскія экзамены чакаюць абітурыентаў толькі па творчых дысцыплінах (малюнак, музыка, танец, сачыненне і інш.), літаратуры і фізічнай культуры.
Пры паступленні на спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне", "дзяржаўнае кіраванне і права", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "журналістыка" (у тым ліку калі яна з'яўляецца дадатковай спецыяльнасцю), "міжнародная журналістыка", "мытная справа" трэба мець спецыяльную рэкамендацыю пасля праходжання прафесійна-псіхалагічнай гутаркі. Гэты дакумент павінны мець усе – незалежна ад тэрмінаў меркаванага навучання або формы. Правіла аднолькавае для ўсіх, хто выбраў дзённую, вячэрнюю або завочную формы атрымання адукацыі (у тым ліку дыстанцыйную), навучанне ў скарочаныя тэрміны, а таксама тыя, хто будзе навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
Пры паступленні абавязкова будзе ўлічвацца сярэдні бал дакумента аб адукацыі. Так што залічэнне абітурыентаў у ВНУ на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты на месцы па ўсіх формах атрымання адукацыі праводзіцца па конкурсе на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках здачы ўступных выпрабаванняў і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
Ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні, але не прайшлі па конкурсе на дзённую бюджэтную форму навучання, для ўдзелу ў конкурсе ў гэтым жа ВНУ на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту (акрамя ВНУ сельскагаспадарчага профілю) дакументы будуць прымацца па 2 жніўня. Ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні, для ўдзелу ў конкурсе на дзённую, завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты - па 4 жніўня.
Залічэнне па асобным конкурсе абітурыентаў - выпускнікоў гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі будзе ажыццяўляцца толькі на бюджэтныя месцы. Залічэнне абітурыентаў на ўмовах аплаты будзе праходзіць па агульным конкурсе.
Рэжым працы прыёмных камісій ВНУ ў перыяд прыёму дакументаў, здачы ўступных выпрабаванняў і залічэння абітурыентаў застаецца без змен. Прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі будуць працаваць з панядзелка па суботу з 9.00 да 18.00. Калі апошні дзень прыёму дакументаў, здачы ўступных выпрабаванняў або залічэння абітурыентаў выпадзе на нядзелю, прыёмныя камісіі працуюць у гэты дзень з 9.00 да 18.00. Прыёмныя камісіі ВНУ "другога патоку" будуць працаваць у суботы - 21, 28 ліпеня, 4 жніўня, адну нядзелю - 29 ліпеня (для ВНУ, якія ажыццяўляюць правядзенне ўнутраных экзаменаў).
Прыёмныя камісіі будуць інфармаваць абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў на інтэрнэт-рэсурсе, папяровых носьбітах, а пры наяўнасці магчымасці і на электронным носьбіце па ўстаноўленай форме. Інфармацыя будзе абнаўляцца кожны дзень не радзей аднаго разу на тры гадзіны працы прыёмнай камісіі (9.00, 12.00, 15.00, 18.00).
У апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў спыняецца ў 15.00. Допуск абітурыентаў у будынак установы адукацыі, у якім размяшчаецца прыёмная камісія, завяршаецца ў 18.00. Прыёмная камісія ў апошні дзень прыёму дакументаў у 18.00 спыняе выдачу дакументаў абітурыентам з мэтай іх падачы на іншую спецыяльнасць, пры гэтым забяспечвае прыём дакументаў ад усіх абітурыентаў, якія знаходзяцца ў будынку ВНУ, у якім размяшчаецца прыёмная камісія, пасля спынення допуску.Аб'ём мэтавай падрыхтоўкі сёлета складзе па асобных спецыяльнасцях да 30% ад кантрольных лічбаў прыёму. Як і ў 2011-м, у пералік спецыяльнасцей для мэтавага прыёму ўключаны спецыяльнасці чыгуначнага транспарту. Прадастаўлена магчымасць мэтавага прыёму пры конкурсе адзін чалавек на месца. Сярод асоб, якія маюць права на паступленне без экзаменаў – пераможцы міжнародных алімпіяд і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. А пераможцы (дыплом I ступені) трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапаў рэспубліканскай алімпіяды аўтаматычна атрымліваюць па профільным прадмеце 100 балаў.
Акрамя таго, на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю ў асобным конкурсе да сельскіх аднесены ўсе абітурыенты, якія пражываюць на момант атрымання адукацыі ў сельскіх населеных пунктах не менш за два гады, незалежна ад месца размяшчэння ўстановы адукацыі, выпускнікамі якой яны з'яўляюцца.
У мэтах удасканалення сістэмы рэгістрацыі ўдзельнікаў ЦТ на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, а таксама некалькіх рэгіянальных ВНУ сёлета праводзіцца эксперымент па электронным залічэнні абітурыентаў у ВНУ. У эксперымент уключыліся БНТУ, БДУІР, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Абітурыентам, якія падаюць дакументы ў гэтыя ВНУ на дзённую бюджэтную форму навучання на шэраг эканамічных і тэхніка-тэхналагічных спецыяльнасцей, будзе прапанавана прайсці анкетаванне і ўказаць па прыярытэтнасці 5 варыянтаў паступлення. Усе даныя анкетавання будуць перададзены ў БДУІР для далейшай апрацоўкі і аналізу вынікаў віртуальнага залічэння.
БЕЛТА