16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыёмныя камісіі ВНУ другога патоку як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці (акрамя завочнай і вячэрняй формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю) на ўсе формы атрымання адукацыі пачынаюць сёння прыём дакументаў ад абітурыентаў. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі Юлія Ваніна.
Дакументы можна падаваць па 25 ліпеня (на ваенныя факультэты - па 23 ліпеня).
Да ВНУ другога патоку адносяцца вышэйшыя навучальныя ўстановы дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, за выключэннем ВНУ МУС, МНС, міністэрстваў абароны і культуры. Абітурыенты павінны падаць у ВНУ тры сертыфікаты ЦТ альбо два, калі ў ВНУ будзе праведзены ўнутраны экзамен па прадмеце. Унутрывузаўскія экзамены чакаюць абітурыентаў толькі па творчых дысцыплінах (малюнак, музыка, танец, сачыненне і інш.), літаратуры і фізічнай культуры.
Пры паступленні на спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне", "дзяржаўнае кіраванне і права", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "журналістыка" (у тым ліку калі яна з'яўляецца дадатковай спецыяльнасцю), "міжнародная журналістыка", "мытная справа" трэба мець спецыяльную рэкамендацыю пасля праходжання прафесійна-псіхалагічнай гутаркі. Гэты дакумент павінны мець усе - незалежна ад тэрмінаў меркаванага навучання або формы. Правіла аднолькавае для ўсіх, хто выбраў дзённую, вячэрнюю або завочную формы атрымання адукацыі (у тым ліку дыстанцыйную), навучанне ў скарочаныя тэрміны, а таксама тыя, хто будзе навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
Пры паступленні абавязкова будзе ўлічвацца сярэдні бал дакумента аб адукацыі. Так што залічэнне абітурыентаў у ВНУ на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты на месцы па ўсіх формах атрымання адукацыі праводзіцца па конкурсе на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках здачы ўступных выпрабаванняў і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
Ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні, але не прайшлі па конкурсе на дзённую бюджэтную форму навучання, для ўдзелу ў конкурсе ў гэтым жа ВНУ на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту (акрамя ВНУ сельскагаспадарчага профілю) дакументы будуць прымацца па 2 жніўня. Ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні, для ўдзелу ў конкурсе на дзённую, завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты, - па 4 жніўня.
У гэтым годзе Міністэрства адукацыі ў выпадку немагчымасці прыбыцця абітурыентаў у прыёмную камісію ўстаноў адукацыі па ўважлівых прычынах (службовая камандзіроўка, удзел у міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, захворванне, лячэнне за мяжой па накіраванні ўстановы аховы здароўя), пацверджаным дакументальна, дазваляе іх прадстаўнікам, якія дзейнічаюць на падставе даверанасці, засведчанай натарыяльна, падаваць дакументы ў прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі і заключаць дагаворы на навучанне.
Залічэнне па асобным конкурсе абітурыентаў - выпускнікоў гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі будзе ажыццяўляцца толькі на бюджэтныя месцы. Залічэнне абітурыентаў на ўмовах аплаты будзе праходзіць па агульным конкурсе.
Рэжым працы прыёмных камісій ВНУ ў перыяд прыёму дакументаў, здачы ўступных выпрабаванняў і залічэння абітурыентаў застаецца без змен. Прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі працуюць з панядзелка па суботу з 9.00 да 18.00. Калі апошні дзень прыёму дакументаў, здачы ўступных выпрабаванняў або залічэння абітурыентаў выпадзе на нядзелю, прыёмныя камісіі працуюць у гэты дзень з 9.00 да 18.00. Прыёмныя камісіі ВНУ другога патоку будуць працаваць у суботы - 20, 27 ліпеня, 3 жніўня, адну нядзелю - 4 жніўня (апошні дзень прыёму дакументаў на платнай аснове).
Прыёмныя камісіі будуць інфармаваць абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў на інтэрнэт-рэсурсе, папяровых носьбітах, а пры наяўнасці магчымасці і на электронным носьбіце па ўстаноўленай форме. Інфармацыя будзе абнаўляцца кожны дзень не радзей аднаго разу на тры гадзіны працы прыёмнай камісіі (9.00, 12.00, 15.00, 18.00).
У апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў спыняецца ў 15.00. Допуск абітурыентаў у будынак установы адукацыі, у якім размяшчаецца прыёмная камісія, завяршаецца ў 18.00. Прыёмная камісія ў апошні дзень прыёму дакументаў у 18.00 спыняе выдачу дакументаў абітурыентам з мэтай іх падачы на іншую спецыяльнасць, пры гэтым забяспечвае прыём дакументаў ад усіх абітурыентаў, якія знаходзяцца ў будынку ВНУ, у якім размяшчаецца прыёмная камісія, пасля спынення допуску.
Аб'ём мэтавай падрыхтоўкі ў гэтым годзе складзе па асобных спецыяльнасцях да 30% ад кантрольных лічбаў прыёму. Сярод асоб, якія маюць права на паступленне без экзаменаў, - пераможцы міжнародных алімпіяд і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. А пераможцы (дыплом I ступені) трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапаў рэспубліканскай алімпіяды аўтаматычна атрымліваюць па профільным прадмеце 100 балаў.
Акрамя таго, на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю ў асобным конкурсе да сельскіх аднесены ўсе абітурыенты, якія пражываюць на момант атрымання адукацыі ў сельскіх населеных пунктах не менш за два гады, незалежна ад месца размяшчэння ўстановы адукацыі, выпускнікамі якой яны з'яўляюцца.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)