8 лістапада, Мінск /Лія Крапівіна - БЕЛТА/. Беларускі інвестыцыйны форум, які пройдзе 15-16 лістапада ў Мінску, дапаможа замежным кампаніям прыняць рашэнні аб доўгатэрміновых праектах у нашай краіне. Аб гэтым заявіў сёння журналістам дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Дзмітрый Клеўжыц, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На форум прыедуць прадстаўнікі буйных карпарацый з Галандыі, Карэі, Францыі, Японіі, Кітая, Італіі. "Па колькасці замежных інвестараў мы паб'ем рэкорды папярэдніх форумаў", - адзначыў Дзмітрый Клеўжыц. Пры гэтым ён заўважыў, што арганізатары не чакаюць ад удзельнікаў канкрэтных рашэнняў аб інвеставанні ў Беларусь. "Любы інвестар - прагматык, любое яго рашэнне вельмі прадуманае, для яго інвеставанне - гэта дыстанцыя, марафон, які ўяўляе сабой доўгатэрміновую рэалізацыю праекта. Таму мы не чакаем, што ён прыме рашэнне за перыяд удзелу ў форуме", - лічыць дырэктар агенцтва. Разам з тым са шматлікіх удзельнікаў, якія прыязджаюць на форум, многія прыглядаюцца да Беларусі. Правядзенне прэзентацый інвестыцыйных магчымасцей, інвестклімату, праектаў Беларусі дапаможа інвестарам вызначыцца ў сваіх далейшых кроках у Беларусі. "Гэта канкрэтызуе іх бачанне нашых магчымасцей і дасць ім аснову для хутчэйшага прыняцця рашэнняў", - сказаў ён. Дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі таксама паведаміў, што ў бліжэйшыя дні будуць падпісаны дакументы аб выбары фінансавага кансультанта па правядзенні пілотнага праекта прыватызацыі васьмі беларускіх ААТ з удзелам Сусветнага банка. Ён удакладніў, што фінальныя дакументы будуць падпісаны да пачатку Беларускага інвестфоруму. Ужо цяпер вядома, хто стаў пераможцам конкурсу кансультантаў. "Мы разумеем, хто патэнцыйна будзе нашым фінансавым кансультантам, але пакуль не падпісаны фінальныя дакументы, не можам анансаваць", - сказаў ён. -0-

БЕЛТА