Беларускі народ заслужыў права "людзьмі звацца" і жыць на сваёй зямлі - А.Лукашэнка
21.5.20120 праглядаў
21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі народ заслужыў права "людзьмі звацца" і жыць на сваёй зямлі. Пра гэта 21 мая на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод заслужаным людзям краіны заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Ганаровыя званні, ордэны і медалі вы атрымліваеце за выдатныя заслугі перад Радзімай і народам. Гэта стымул для яшчэ большых поспехаў у будучыні, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Перакананы, для любога з нас галоўная мэта - дабрабыт і росквіт роднай краіны, шчасце блізкіх і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Бо ўсе мы працуем дзеля гэтага".
Як адзначыў Прэзідэнт, дзяржава актыўна развіваецца, на новыя ўзроўні выходзіць эканоміка, сацыяльная, тэхналагічная і вытворчая сферы. "І разам мы здольны дасягнуць любых вышынь, пераадолець любыя цяжкасці", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Дзяржаўныя ўзнагароды былі ўручаны супрацоўнікам ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" вытворчага аб'яднання "БелаўтаМАЗ". "Гэта адно з найбуйнейшых у СНД машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Прадукцыя яго вядомая далёка за межамі Беларусі, і попыт на яе расце, асвойваюцца ўсё новыя рынкі. Лічбы гавораць самі за сябе. Аб'ём знешняга гандлю "БелаўтаМАЗа" за 2011 год вырас амаль на 200%", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, складнікі гэтага поспеху - разумная арганізацыя працы, дбайныя адносіны да рэсурсаў, укараненне рацыяналізатарскіх прапаноў. "Грамадскае прызнанне, якое вы па праву заслужылі, павінна стаць арыенцірам для нашых вытворцаў. Ім варта раўняцца менавіта на вас", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Сярод узнагароджаных таксама прадстаўнікі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. "Пладна ўдасканальваючы заканадаўчую базу нашай дзяржавы, вы актыўна спрыяеце вырашэнню шырокага кола грамадскіх праблем. Гэта пытанні працоўнай дысцыпліны, занятасці, удасканаленне сістэмы аховы здароўя, ахова мацярынства і дзяцінства, падтрымка таленавітай моладзі. Не застаюцца па-за сферай вашай увагі адукацыя, навука, актывізацыя інтэграцыйных працэсаў і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Дзяржаўных узнагарод удастоены і лепшыя прадстаўнікі судовага корпуса Беларусі, якія сваёй адказнай працай забяспечваюць прынцыпы законнасці, аператыўнай кваліфікаванай судовай абароны. "Нямалы ўклад унеслі вы ў павышэнне прававой пісьменнасці і культуры насельніцтва. Вашымі намаганнямі забяспечваецца адпаведнасць прававых актаў галоўнаму закону краіны - Канстытуцыі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзяржузнагароды вялікай групе вайскоўцаў: "Вы забяспечваеце высокую гатоўнасць да абароны нашай Радзімы, адстойваеце яе бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць".
На цырымоніі ўшанавалі спартсменаў і трэнераў. Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі "Беларускі спартыўны Алімп" 2012 года прысуджана выдатнай спартсменцы і папулярызатару фізічнай культуры Дар'і Домрачавай. Яна таксама ўзнагароджана ордэнам Айчыны III ступені. "Сваімі яркімі перамогамі на сусветных чэмпіянатах Дар'я Домрачава праславіла Беларусь на ўвесь свет", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, Беларусь багатая талентамі ў розных сферах дзейнасці. Пацвярджэнне таму - той факт, што ў ліку ўзнагароджаных вядомыя дзеячы культуры, педагогі, уважлівыя і чулыя работнікі сферы абслугоўвання насельніцтва.
"Для нашай Беларусі кожны з вас робіць вельмі шмат. Вы сваім прыкладам даказалі, што працавітасць, творчасць і настойлівасць абавязкова прывядуць да поспеху", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы робіце вялікую справу, і мы абавязкова пераможам. Мы абавязкова выйграем у гэтай складанай барацьбе за існаванне нашай краіны як незалежнай суверэннай дзяржавы. Дзяржавы, якая будзе перш за ўсё служыць нашаму беларускаму народу, бо ён заслужыў права "людзьмі звацца" і жыць на сваім клапці зямлі", - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-
БЕЛТА