Беларускі спадарожнік запушчаны з касмадрома Байканур
23.7.20120 праглядаў
22 ліпеня, Мінск /Вольга Бяляўская - БЕЛТА/. Беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандавання Зямлі запушчаны сёння з касмадрома Байканур у Казахстане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Запуск адбыўся ў 9 гадзін 41 хвіліну па мінскім часе. Беларускі касмічны апарат (БКА) запушчаны ў космас у кластары з пяці касмічных апаратаў - разам з расійскім касмічным апаратам "Канопус-В", расійскім МКА-ФКІ ("Зонд-ПП"), нямецкім TET-1 і канадскім ADS-1B.
Прыкладна за 43 хвіліны беларускі спадарожнік будзе выведзены ракетай касмічнага прызначэння "Саюз-ФГ" з разгонным блокам "Фрэгат" на арбіту, блізкую да працоўнай, якая складае каля 500-520 км.
Беларускі касмічны апарат забяспечыць поўнае пакрыццё тэрыторыі Беларусі касмічнай здымкай. Яго вага складае каля 400 кг, разрозненне ў панхраматычным дыяпазоне - каля 2 м. БКА мае высокія дынамічныя характарыстыкі, а гэта значыць, што ён манеўраны і можа аператыўна перабудоўвацца на арбіце, каб весці здымку пад патрэбным вуглом.
Дзякуючы запуску спадарожніка Беларусь зможа стварыць самастойную сістэму дыстанцыйнага зандавання Зямлі, якая дазволіць адмовіцца ад паслуг іншых дзяржаў па пытаннях атрымання і апрацоўкі касмічнай інфармацыі.
Старэйшы навуковы супрацоўнік НД РУП "Геаінфармацыйныя сістэмы" НАН Беларусі Міхаіл Захарэвіч удакладніў дакладны час, які пройдзе ад запуску спадарожніка да яго выхаду на арбіту - гэта 2 тыс. 674 секунды. "Ракета-носьбіт "Саюз-ФГ" стартавала з касмадрома Байканур, і асаблівасць заключаецца ў тым, што яна павінна забяспечыць зваротнае нахіленне арбіты ўсіх вывадных касмічных апаратаў, - адзначыў ён. - Гэта значыць, што нахіленне павінна быць больш за 90 градусаў, таму "страляем" мы не па кручэнні Зямлі, а супраць кручэння, і энергазатраты адпаведна больш".
Па словах эксперта, прыкладна праз 5 секунд пасля аддзялення разгоннага блока ад ракеты-носьбіта ўключаюцца маршавыя рухавікі разгоннага блока, і ён выводзіць комплекс апаратаў на разгонную арбіту - гэта першы актыўны ўчастак. "Далей ідзе другі актыўны ўчастак, які выводзіць разгонны блок на арбіту аддзялення, і першым аддзяляецца Беларускі касмічны апарат, - дадаў ён. - Гэта звязана з тым, што расійскі апарат "Канопус-В" павінен лятаць па такой жа арбіце, але ў проціфазе з нашым апаратам. Таму ён аддзяляецца другім і яму надаецца адмоўны імпульс па хуткасці".
Уся інфармацыя з беларускага і расійскага спадарожнікаў будзе паступаць як у расійскі, так і беларускі цэнтр кіравання палётамі (ЦКП). -0-
БЕЛТА