17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача пры падтрымцы Міністэрства культуры пачынае праект "Тэатр юнага гледача - дзецям Беларусі", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі тэатра Жанна Лашкевіч. Гастролі адкрые выступленне ў Смаргоні (26-27 красавіка) са спектаклямі "Брык і Шуся шукаюць лета" і "Тарас на Парнасе". На бліжэйшы час запланаваны таксама паездкі ў Гродна і Ліду. На думку Жанны Лашкевіч, праект "Тэатр юнага гледача - дзецям Беларусі" будзе садзейнічаць папулярызацыі ТЮГа як адзінага ў краіне тэатральнага калектыву для дзяцей і моладзі, які прапагандуе нацыянальную літаратуру (драматургію) і працуе на беларускай мове. "Праект павінен паўплываць на захаванне творчай формы трупы і ўзроўню яе мастацкіх памкненняў, садзейнічаць шчыльнаму знаёмству з гледачамі па-за сталіцай - у абласных гарадах і буйных раённых цэнтрах рэспублікі", - адзначыла загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі. Праект "Тэатр юнага гледача - дзецям Беларусі" працягнецца тры гады. Першыя спектаклі тэатр прапануе з дзеючага рэпертуару, наступныя пастаноўкі будуць падрыхтаваны пазней. Падчас гастроляў запланаваны творчыя сустрэчы з вядучымі акцёрамі ТЮГа.-0-

БЕЛТА