Беларускі ўдзельнік конкурсу "Віцебск-2010" жыве і працуе паміж Мінскам і Гомелем
11.6.20100 праглядаў
11 чэрвеня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Саліст Гомельскай абласной філармоніі Дзяніс Вершанка, які рыхтуецца прадставіць Беларусь на XIX Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010", жыве і працуе па чарзе ў Мінску і Гомелі. Пра гэта малады выканаўца распавёў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА.
"Цяпер я знаходжуся ў Гомелі, тут запісваю песні, але вучуся на вочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, у Мінску ж рэпетую конкурсныя кампазіцыі", - сказаў Дзяніс Вершанка.
Напружаны графік працы задавольвае выканаўцу: дэканат і родная кафедра лаяльна паставіліся да частай адсутнасці на занятках студэнта чацвёртага курса Дзяніса Вершанкі. Яму нават часова аформілі свабоднае наведванне, каб можна было спакойна рыхтавацца да "Славянскага базару ў Віцебску". Па словах Дзяніса, першы час выкладчыкі былі не занадта лаяльныя да гастроляў і выступленняў, але, калі даведаліся пра "Віцебск-2010", змякчыліся.
Пакуль музыка не хвалюецца за сваё выступленне на конкурсе маладых выканаўцаў, таму што праходзіць перыяд адаптацыі і падрыхтоўкі. "Цяпер мне трэба рыхтавацца, а хваляванне дапушчальна толькі за некалькі гадзін да конкурсу", - адзначыў суразмоўца.
Дзяніс Вершанка шмат чуў пра прафесіяналізм канкурэнтаў, але настройвае сябе на перамогу. "Ведаючы высокі ўзровень удзельнікаў, нельга быць упэўненым у сваёй перамозе на сто працэнтаў. Галоўнае для мяне - годна прадставіць Беларусь на конкурсе. Упэўнены, што ўсё складзецца добра і я паспею скончыць падрыхтоўку", - сказаў артыст. Ён ужо знаёмы з прадстаўнікамі Македоніі і Румыніі, з якімі сустракаўся на іншых конкурсах, і лічыць гэтых хлопцаў годнымі супернікамі. Дзяніс упэўнены, што, калі ўсе канкурсанты будуць мець такую ж падрыхтоўку, на сцэне Летняга амфітэатра разгорыцца няўхільная барацьба.
На конкурсе "Віцебск-2010" Дзяніс Вершанка выканае дзве кампазіцыі - "Малітву" ў суправаджэнні Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, а таксама "Дзякуй, што была". Нядаўна выканаўца і яго творчая каманда завяршылі працу над кліпам на песню "Малітва", а цяпер музыка працуе над другой песняй, аранжыроўка да якой ужо амаль гатовая.
Адказваючы на пытанне аб тым, ці дастаткова часу даецца артыстам на падрыхтоўку, Дзяніс адзначыў, што калі б удзельнікі "Віцебска-2010" не былі прафесійнымі тытулаванымі выканаўцамі, што, дарэчы, агаворана ўмовамі конкурсу, то адведзенага часу, безумоўна, было б мала. Але так як у кожнага з іх ёсць за плячамі пэўны творчы досвед, хлопцам цалкам дастаткова некалькі месяцаў. "Тэкст я запамінаю хутка, музыка таксама дастаткова лёгка кладзецца на слых. Адзінае, на што патрэбен час, - "пражыць" песню, праспяваць яе так, каб у поўным аб'ёме прадэманстраваць свой прафесійны ўзровень", - сказаў артыст.
У 23-гадовага выканаўцы ёсць досвед выступленняў на канцэртных і конкурсных пляцоўках, узнагароды міжнародных творчых спаборніцтваў. Дзяніс Вершанка з'яўляецца ўладальнікам Гран-пры міжнароднага конкурсу "Славянская зорка-2006", лаўрэатам конкурсаў "Вяліж-2008" і "На высокай хвалі" 2009 года, якія праводзяцца ў Расіі.-0-
БЕЛТА