18 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Інструкцыя аб раскрыцці інфармацыі аб дзейнасці банка, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі, банкаўскай групы і банкаўскага холдынгу зацверджана ў Беларусі пастановай праўлення Нацыянальнага банка №19 ад 11 студзеня 2013 года, якая ўступіць у сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Нацыянальнага банка Беларусі.
Інструкцыяй устанаўліваецца мінімальны аб'ём і парадак раскрыцця інфармацыі аб дзейнасці банка, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі, банкаўскай групы і банкаўскага холдынгу, удакладнілі ў Нацбанку.
"У параўнанні з раней дзеючай інструкцыяй аб парадку раскрыцця інфармацыі банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі новацыяй дадзенага дакумента з'яўляецца ўстанаўленне патрабаванняў аб раскрыцці інфармацыі не толькі банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, але таксама і галоўнымі арганізацыямі банкаўскіх груп і (або) банкаўскіх холдынгаў аб дзейнасці і стане такіх груп (холдынгаў)", - адзначылі ў Нацыянальным банку.
Акрамя таго, інструкцыяй сістэматызаваны аб'ём і парадак публікацыі справаздачнасці банкамі і галоўнымі арганізацыямі банкаўскіх груп і (або) банкаўскіх холдынгаў, якая складаецца па нацыянальных і міжнародных стандартах фінансавай справаздачнасці, адменена патрабаванне аб раскрыцці інфармацыі аб поўнай працэнтнай стаўцы (у сувязі з уступленнем у сілу змяненняў у Банкаўскі кодэкс, якія забараняюць банкам устанаўліваць дадатковыя плацяжы і камісіі па крэдыце, акрамя працэнтнай стаўкі). "Варта таксама адзначыць, што калі раней раскрыццё інфармацыі аб бенефіцыярных уласнікаў банка, якія валодаюць пяццю і больш працэнтамі акцый, ажыццяўлялася са згоды такіх уласнікаў, то цяпер гэта з'яўляецца безумоўным абавязкам банка або галоўнай арганізацыі банкаўскай групы (банкаўскага холдынгу)", - дадалі ў Нацбанку.