17 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларускім і латвійскім туроператарам варта разгледзець магчымасці сумеснай працы на турыстычным рынку. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў старшыня праўлення Рыжскага бюро па развіцці турызму Рыгор Памеранцаў.
Па Віцебскай вобласці праходзіць азнаямленчы тур латвійскіх туроператараў. У групу ўвайшлі прадстаўнікі 10 найбуйнейшых турыстычных кампаній Латвіі - арганізатараў выязнога турызму, а таксама дзвюх кампаній-перавозчыкаў. Выказваючы аднадушнае меркаванне прафесіяналаў, Рыгор Памеранцаў адзначыў, што Віцебская вобласць з'яўляецца найцікавейшым, але пакуль яшчэ малавядомым для латвійскіх турыстаў рэгіёнам. Разам з тым тут адкрываюцца шырокія магчымасці для арганізацыі гісторыка-культурнага, аздараўленчага і прыроднага турызму ў рэгіёне. Туроператараў зацікавілі санаторыі "Лясное", санаторый Мінабароны, "Баравое", а таксама перспектывы арганізацыі сямейнага адпачынку ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Рыгор Памеранцаў выказаў меркаванне аб неабходнасці цеснага супрацоўніцтва латвійскіх і беларускіх арганізатараў адпачынку. "Туроператарам неабходна разгледзець магчымасць аб'яднання турыстычных патокаў, арганізацыі трансгранічных тураў і сумеснай працы на турыстычным рынку трэціх краін", - сказаў ён.
Дырэктар рыжскай турыстычнай кампаніі Travel Fgency Святлана Целіхане адзначыла, што ў латвійскіх турыстаў ёсць цікавасць да адпачынку ў Беларусі. У прыватнасці, у яе кампаніі папулярнасцю карыстаюцца туры ў Лагойск і "Сілічы". Гаворачы аб высокім сэрвісе і арганізацыі адпачынку, яна са шкадаваннем адзначыла адсутнасць гнуткасці ў гасцінічным цэнаўтварэнні. "Гасцініцам не хапае сістэмы скідак для пастаянных кліентаў і для вялікіх груп. Гэта сусветная практыка, і яе варта ўлічваць", - раіць яна.
Кіраўнік консульства Латвіі ў Віцебску Дагнія Лацэ-Атэ выказала надзею, што цяперашні тур латвійскіх туроператараў у вобласць стане першым крокам па арганізацыі масавых турыстычных патокаў паміж Беларуссю і Латвіяй.
Рэкламны тур праходзіць з 16 па 18 мая праз Докшыцкі, Лепельскі, Бешанковіцкі, Полацкі, Глыбоцкі, Мёрскі, Шаркаўшчынскі, Верхнядзвінскі і Браслаўскі раёны, а таксама праз Полацк, Наваполацк, Віцебск. Арганізатарамі рэкламнага тура выступілі консульства Латвіі ў Віцебску і ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.-0-
БЕЛТА
Беларускім і латвійскім туроператарам варта аб'ядноўваць намаганні на турыстычным рынку - эксперт
17.5.20120 праглядаў