23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Педагагічным работнікам павялічылі памер штомесячнай кампенсацыі на набыццё вучэбнай і метадычнай літаратуры больш чым у 3 разы - з Br7500 да Br22 тыс. 650. Такая норма змяшчаецца ў пастанове Міністэрства адукацыі №273 "Аб вызначэнні парадку, умоў і памеру штомесячнай кампенсацыі расходаў на набыццё вучэбнай і метадычнай літаратуры педагагічным работнікам", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры Мінадукацыі Беларусі. За гэтыя сродкі педагагічныя работнікі могуць набываць вучэбна-метадычную дакументацыю, вучэбныя выданні, інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы, навукова-метадычныя прадметныя часопісы і іншыя перыядычныя выданні. Педагогі атрымлівалі штомесячную кампенсацыю на вучэбную і метадычную літаратуру ў памеры Br7500 з 1997 года незалежна ад павелічэння стаўкі першага разраду, курсаў валют і іншых эканамічных змен. Новай пастановай рэгламентуюцца памер, парадак і ўмовы выплаты кампенсацыі, якая ўстаноўлена ў памеры 15% ад тарыфнай стаўкі першага разраду, што ўстанаўліваецца для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Так што з павелічэннем стаўкі першага разраду гэтая сума будзе павялічвацца. У дакуменце вызначаны таксама пералік пасад педагагічных работнікаў, якім ажыццяўляецца штомесячная кампенсацыя. Найменне пасад прыведзена ў адпаведнасць з палажэннямі аб адпаведным тыпе ўстановы, умовамі аплаты працы педагагічных работнікаў. У найбліжэйшую зарплату (у большасці рэгіёнаў - на пачатку снежня) педагогам будуць выплачаны адначасова тры кампенсацыі - за кастрычнік, лістапад і снежань.-0-

БЕЛТА