24 лютага, Мінск /Юлія Ваніна – БЕЛТА/. Урачыстае адкрыццё беларуска-індыйскага адукацыйнага цэнтра інфармацыйных тэхналогій запланавана ў ПВТ на пачатак красавіка. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Плануецца, што асноўныя працоўныя зоны цэнтра, які будзе насіць імя вядомага індыйскага палітыка Раджыва Гандзі, размесцяцца на чатырох ВНУ-базах у Гродне, Віцебску, Гомелі і Брэсце.
Асноўная задача ПВТ у 2011 годзе – арганізацыя высокакаштоўнай падрыхтоўкі кадраў для IT-галіны, сказаў Валерый Цапкала. "Мы ўжо дастаткова сур'ёзна ўзаемадзейнічаем з беларускімі ВНУ па распаўсюджванні вопыту работы, практычных ведаў і ўменняў прадстаўнікоў ПВТ і кампаній-рэзідэнтаў ПВТ. Толькі ў мінулым годзе было адкрыта 15 спецыяльных IT-лабараторый у ВНУ. Так што ўсяго зараз у ВНУ Беларусі функцыянуе больш за 45 лабараторый, бізнес-інкубатар у БДУІР, IT-акадэмія ў Віцебску, – адзначыў дырэктар ПВТ. – Важным крокам у прасоўванні IT-ведаў стане адкрыццё ў Беларусі беларуска-індыйскага адукацыйнага цэнтра. ПВТ плануе праводзіць на базах цэнтра пастаянныя семінары для настаўнікаў школ, ССНУ, ВНУ".
Як адзначыў дырэктар, "пра важнае значэнне работы ПВТ для Беларусі сведчыць і той факт, што 21 лютага Мінскі гарвыканкам уручыў кіраўніцтву ПВТ акты выбару зямельных участкаў для будаўніцтва чатырох вытворчых будынкаў ПВТ". Як плануецца, гарадскія ўлады возьмуць на сябе будаўніцтва інфраструктуры і жылля для праграмістаў, паведаміў Валерый Цапкала. Паводле яго слоў, да 2013 года ўсе будаўнічыя планы ПВТ будуць ажыццёўлены. "Магчыма, вытворчыя будынкі мы паспеем узвесці і раней", – дадаў ён.-0-
БЕЛТА
Беларуска-індыйскі адукацыйны цэнтр плануецца адкрыць у пачатку красавіка
24.2.20110 праглядаў