Беларусы з 2018 года змогуць купляць на Беларускай валютна-фондавай біржы акцыі буйных міжнародных кампаній, заявіў старшыня праўлення БВФБ Андрэй Аухіменя падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі, паведамляе БЕЛТА.

"Мы зараз працуем над допускам акцый нерэзідэнтаў на нашу біржу. Каб мог наш грамадзянін купіць акцыі Apple", - адзначыў кіраўнік БВФБ. Сутнасць гэтага праекта ў тым, каб на беларускай біржы забяспечыць магчымасць куплі акцый буйных міжнародных кампаній - так званых блакітных фішак.

"Мы працуем па прынцыпе кампаніі Apple. Націснуў кнопку - усё павінна функцыянаваць. Я думаю, да канца гэтага года, крайні тэрмін - пачатак 2018-га, мы гэту сітуацыю давядзём да лагічнага канца, і людзі змогуць інвеставаць у акцыі замежных эмітэнтаў", - растлумачыў Андрэй Аухіменя.

Пры гэтым старшыня праўлення БВФБ адзначыў, што ў Беларусі трэба актыўна працаваць і над тым, каб зрабіць інвестыцыі ў беларускія каштоўныя паперы такімі ж цікавымі, як і ў замежныя. "Я з'яўляюся, акрамя ўсяго іншага, старшынёй Асацыяцыі ўдзельнікаў рынку каштоўных папер. І ў межах асацыяцыі мы спрабуем ускалыхнуць наш фондавы рынак, каб акцыі і каштоўныя паперы нашай кампаніі былі цікавыя беларусам, каб нашы грамадзяне ўкладваліся ў айчынную эканоміку, а не замежную", - падкрэсліў ён.