12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы змогуць атрымліваць паведамленні на выплату зямельнага падатку і падатку на нерухомасць у электронным выглядзе. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства па падатках і зборах Беларусі №21 ад 17 красавіка 2014 года, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Электроннае паведамленне на выплату падатку і (або) падатку на нерухомасць будзе накіроўвацца фізічнай асобе, якая з'яўляецца плацельшчыкам зямельнага падатку і (або) падатку на нерухомасць, толькі з яе згоды. Аб сваёй згодзе на атрыманне электроннага паведамлення плацельшчык або яго ўпаўнаважаны прадстаўнік павінен праінфармаваць інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах, незалежна ад месца жыхарства, пастаноўкі на ўлік або знаходжання аб'екта падаткаабкладання зямельным падаткам і (або) падатку на нерухомасць пры прад'яўленні дакумента, які сведчыць асобу, а ўпаўнаважаны прадстаўнік – дакумента, які пацвярджае яго паўнамоцтвы.
У сваю чаргу падатковы орган будзе весці ўлік плацельшчыкаў, якія атрымліваюць электроннае паведамленне ў спецыяльным рэестры, а таксама кожнаму з іх будзе выдадзены ідэнтыфікацыйны код і пароль.
Па выбары плацельшчыка паведамленне ў электронным выглядзе можа накіроўвацца з выкарыстаннем электроннага сэрвісу "асабісты кабінет", размешчанага на афіцыйным інтэрнэт-партале Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, альбо на адрас яго электроннай пошты.
Калі плацельшчык выбраў электронны сэрвіс "асабісты кабінет", то доступ ажыццяўляецца з прымяненнем сертыфіката адкрытага ключа, які падпісваецца электронным лічбавым подпісам, альбо ідэнтыфікацыйнага кода і пароля. Ідэнтыфікацыйны код і пароль фарміруюцца падатковым органам і ўручаюцца плацельшчыку альбо яго ўпаўнаважанаму прадстаўніку ў дзень інфармавання аб згодзе пад роспіс у рэестры.
Паведамленне размяшчаецца ў сэрвісе або накіроўваецца на адрас электроннай пошты плацельшчыка да 1 жніўня бягучага падатковага перыяду. Пры накіраванні паведамлення з выкарыстаннем сэрвісу плацельшчыку на адрас яго электроннай пошты адпраўляецца электроннае паведамленне аб размяшчэнні паведамлення ў сэрвісе.
Датай накіравання плацельшчыку паведамлення ў электронным выглядзе лічыцца дата размяшчэння паведамлення ў сэрвісе альбо дата накіравання паведамлення на адрас электроннай пошты плацельшчыка. Калі паведамленне накіравана ў электронным выглядзе, то на папяровым носьбіце яно не накіроўваецца.