9 кастрычніка, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Генетычныя пашпарты неўзабаве спатрэбяцца кожнаму чалавеку. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі доктар біялагічных навук прафесар Аляксандр Кiльчэўскi, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
Генетычныя пашпарты ўжо стварае Інстытут генетыкі і цыталогіі. Кожны такі пашпарт уключае інфармацыю аб 60 генах чалавека. Гэтая інфармацыя неабходная як для выяўлення схiльнасцi да асобных захворванняў, так i прафесiйнай арыентацыi чалавека, перш за ўсё спартсменаў. Напрыклад, пры падрыхтоўцы атлета з дапамогай вывучэння яго генаў можна выявіць яго статус - спрынтар цi стайер. Асобныя спартсмены, якiя прадстаўляюць Беларусь на мiжнародных спаборнiцтвах, ужо атрымалi генетычныя пашпарты.
Аналагiчныя даследаваннi праводзяцца i для звычайных беларусаў. Для гэтага iм дастаткова звярнуцца ў Інстытут генетыкі і цыталогіі. "Спачатку неабходна пагутарыць з чалавекам i высветлiць, што неабходна вывучыць", - адзначыў Аляксандр Кiльчэўскi.
Усяго каля 6 тыс. чалавек скарысталiся паслугамi па разшыфроўцы асобных генаў. Як правiла, насельнiцтва звяртаецца да спецыялістаў па рэкамендацыi медыцынскiх цэнтраў. Падобныя даследаваннi дазваляюць выйсці на персанальную медыцыну, перайсці ад лячэння хваробы да лячэння чалавека.
Генетычныя пашпарты ўтрымлiваюць iнфармацыю аб спадчынным патэнцыяле чалавека i дапамагаюць выяўляць яго ўстойлiвасць да фiзiчных нагрузак. Пры гэтым вучоныя вызначылi гены, якiя аказваюць iстотны ўплыў на цягавітасць, сiлу, хуткасць i здольнасць да аднаўлення пасля фiзiчных нагрузак. Дзякуючы метадам ДНК-дыягностыкi можна вызначыць асаблiвасцi абмену рэчываў, стану сардэчна-сасудзiстай сiстэмы, апорна-рухальнага апарата, уласцiвасцей вышэйшай нервовай дзейнасцi чалавека. А заадно выявіць рызыкi развiцця розных паталогiй, у тым лiку траўм галаўнога мозгу, вянозных трамбозаў i празмернай гiпертрафii сэрца.-0-
БЕЛТА
Беларусы змогуць атрымліваць генетычныя пашпарты
9.10.20120 праглядаў