18 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусы шчыра спачуваюць бядзе, якая здарылася ў Японіі, і пачалі збор сродкаў для аказання дапамогі дружалюбнаму народу. Паводле даных на 18 сакавіка сабрана Br2 млн. 406 тыс. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа, першымі адгукнуліся на заклік дапамагчы японскім сябрам індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы.
Грашовыя ахвяраванні будуць перададзены пасольству Японіі для закупкі ўсяго неабходнага для насельніцтва. Дапамога ў выглядзе маёмасці не прымаецца ў сувязі з цяжкасцямі дастаўкі.
Для забеспячэння празрыстасці кампаніі па зборы грашовых ахвяраванняў для пацярпелага насельніцтва Японіі, на сайце БТЧК у раздзеле "Аб'явы" кожную раніцу будуць абнаўляцца звесткі аб памеры сабраных сродкаў. Па меры назапашвання ўсе ахвяраванні будуць перадавацца пасольству Японіі. Пасля заканчэння акцыі БТЧК падрыхтуе справаздачу, якая таксама будзе размешчана на сайце арганізацыі.
Сродкі ў беларускіх рублях можна пералічыць на разліковы рахунак БТЧК 3015740099012, аддзяленне 539 у ААТ "Белінвестбанк", г. Мінск, код 739, УНП 100265026, БІК (МФО) 153001739 з паметкай "Дапамога Японіі". Фізічныя асобы могуць зрабіць ахвяраванні ў любым аддзяленні "Беларусбанка" або любым паштовым аддзяленні. Юрыдычныя асобы могуць пералічыць ахвяраванні пацярпеламу насельніцтву Японіі па дагаворы аб спонсарскай дапамозе.
У сакратарыяце БТЧК (Мінск, вул. К. Маркса, 35), у памяшканнях абласных і раённых арганізацый БТЧК устаноўлены спецыяльныя скарбонкі, усе сродкі з якіх будуць пералічаны на вышэйуказаны рахунак. Беларускі Чырвоны Крыж не толькі збірае ахвяраванні ад насельніцтва, арганізацый і прадпрыемстваў Беларусі, але і плануе вылучыць сродкі з уласнага рэзервовага фонду (сума будзе ўдакладняцца на маючым адбыцца прэзідыуме БТЧК).
Часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Мацудзакі Кіёсі выказвае падзяку беларускаму народу за падтрымку. "Мы высока цэнім увагу і спачуванне нашай бядзе з боку беларускага народа", - гаворыцца ў лісце Мацудзакі Кіёсі на адрас Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.-0-
БЕЛТА
Беларусы збіраюць сродкі для дапамогі японскаму народу
18.3.20110 праглядаў