"Белтэлекам" да Дня Перамогі прадаставіць удзельнікам ВАВ бясплатныя тэлефонныя размовы
28.4.20110 праглядаў
28 красавіка, Мінск /Алена Дарошанка - БЕЛТА/. РУП "Белтэлекам" да Дня Перамогі прадаставіць удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны бясплатныя міжгароднія і міжнародныя тэлефонныя размовы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе нацыянальнага аператара сувязі.
Акцыя пачнецца 7 мая апоўначы і працягнецца да 24 гадзін 9 мая.
Бясплатныя міжгароднія тэлефонныя размовы ўнутры рэспублікі будуць прадастаўлены аўтаматычным спосабам або з дапамогай тэлефаніста з хатніх тэлефонаў, абанентамі якіх з'яўляюцца ўдзельнікі ВАВ. Замовіць бясплатныя тэлефонныя размовы ўнутры рэспублікі з дапамогай тэлефаніста ва ўсіх гарадах і абласцях Беларусі можна будзе па нумарах 8-18 (для абанентаў Брэста і Брэсцкай вобласці, Віцебска і Віцебскай вобласці, Мінска і Мінскай вобласці, Магілёва і Магілёўскай вобласці) і 8-13 (для абанентаў Гомеля і Гомельскай вобласці, Гродна і Гродзенскай вобласці). Акцыя не распаўсюджваецца на мясцовыя тэлефонныя размовы, размовы з абанентамі мабільнай сувязі, пры доступе ў Інтэрнэт і карыстанні платнымі даведачна-інфармацыйнымі службамі.
Міжнародныя бясплатныя тэлефонныя размовы будуць прадастаўлены ветэранам і ўдзельнікам ВАВ з дапамогай сэрвісных тэлефонных картак наміналам 16 тыс. тарыфных адзінак. Службы продажаў "Белтэлекам" правядуць адрасную рассылку сэрвісных тэлефонных картак усім удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.
Бясплатнымі размовамі з хатніх тэлефонаў змогуць скарыстацца наступныя катэгорыі ўладальнікаў: Героі Савецкага Саюза, Поўныя кавалеры ордэна Славы, інваліды Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, асобы, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах, асобы, узнагароджаныя ордэнамі і (або) медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады ВАВ, асобы, якія працавалі на аб'ектах проціпаветранай абароны, мясцовай проціпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб'ектах у межах тылавых межаў дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгуначных і аўтамабільных дарог, члены экіпажаў суднаў транспартнага флоту, інтэрніраваныя ў пачатку ВАВ у партах іншых дзяржаў, асобы, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады і ўзнагароджаныя медалём "За абарону Ленінграда", і асобы, узнагароджаныя знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда", інваліды з дзяцінства з прычыны ранення, контузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд ВАВ альбо з наступствамі ваенных дзеянняў, якія дасягнулі 60 гадоў (мужчыны), 55 гадоў (жанчыны).
Дадатковую інфармацыю аб акцыі можна даведацца па тэлефонах 153, 130 і 176 (для арганізацыі бясплатных міжнародных размоў у перыяд акцыі).
"Белтэлекам" - нацыянальны аператар электрасувязі Беларусі. Прадпрыемства пабудавала разгалінаваную сетку тэлекамунікацый, сетку магістральных валаконна-аптычных ліній сувязі з выхадам на сумежныя дзяржавы. "Белтэлекам" распрацоўвае якасна новыя тэлекамунікацыйныя сэрвісы, забяспечвае перадачу міжгароднага і міжнароднага трафіку, працу наземнай сеткі тэлевізійных і радыёвяшчальных каналаў. Абаненцкая база кампаніі - больш за 4 млн. абанентаў стацыянарнай тэлефоннай сувязі, больш за 700 тыс. абанентаў шырокапалоснага доступу ў Інтэрнэт і больш за 200 тыс. абанентаў лічбавага тэлебачання.-0-
БЕЛТА