9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. РУП "Белтэлекам" з 18 студзеня 2013 года павышае кошт паслуг прадастаўлення доступу ў Інтэрнэт (byfly) і інтэрактыўнага тэлебачання (Zala). Пра гэта паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.
Цэны на паслугі прадастаўлення доступу ў Інтэрнэт павялічацца ў сярэднім на 9,7%. Інтэрактыўнае тэлебачанне падаражэе ў сярэднім на 10%. Акрамя таго, у сярэднім на 10% павысяцца расцэнкі на званкі з гарадскіх тэлефонаў на нумары абанентаў сотавых аператараў.
Таксама падаражэюць дадатковыя паслугі мясцовай тэлефоннай сувязі, даведачна-інфармацыйныя паслугі, некаторыя паслугі хостынгу, якія прадастаўляюцца Цэнтрам апрацоўкі даных РУП "Белтэлекам", і іншыя паслугі.
Павышэнне тарыфаў нацыянальны аператар электрасувязі тлумачыць неабходнасцю мадэрнізацыі сеткі, набыцця сучаснага абсталявання, распрацоўкі найноўшых тэхнічных рашэнняў, што неабходна для далейшага развіцця тэлекамунікацыйных тэхналогій і забеспячэння высокай якасці паслуг. "Гэта вымушае кампанію ўнесці змены ў кошт некаторых паслуг электрасувязі, даводзячы яе да ўзроўню пакрыцця затрат", - адзначылі на прадпрыемстве.
У студзені РУП "Белтэлекам" ужо павышаў тарыфы. З 1 студзеня ўступілі ў сілу змены і дапаўненні ў Падатковы кодэкс Беларусі, якія былі прыняты 26 кастрычніка 2012 года. Паслугі сувязі, якія аказваюцца фізічным асобам, сталі абкладацца падаткам на дабаўленую вартасць. У сувязі з гэтым кампанія павысіла на 20% кошт паслуг сувязі для фізічных асоб (паслугі мясцовай, міжгароднай, міжнароднай тэлефоннай сувязі, даведачна-інфармацыйныя паслугі, паслугі сеткі перадачы даных, byfly, Zala і інш.).-0-
БЕЛТА
"Белтэлекам" другі раз за месяц падвышае тарыфы
9.1.20130 праглядаў