9 красавіка, Мінск /Віталь Пятровіч - БЕЛТА/. Белтэлерадыёкампанія пакажа ўсе матчы чэмпіянату свету па хакеі-2014 у прамым эфіры. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5" Павел Булацкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Усе 64 гульні чэмпіянату будуць паказаны Белтэлерадыёкампаніяй у прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 5". Самыя рэйтынгавыя матчы, якія будуць праходзіць у дзённы час і таксама будуць паказаны ў прамым эфіры, тэлегледачам прапануюць паглядзець і ў запісе ў вячэрні час на тэлеканале "Беларусь 5". Усе матчы зборнай Беларусі будзе трансляваць тэлеканал "Беларусь 2". Адкрыццё чэмпіянату свету, фінальную гульню і цырымонію закрыцця пакажуць адразу два каналы Белтэлерадыёкампаніі.

Белтэлерадыёкампанія з'яўляецца ўладальнікам выключных правоў на арганізацыю тэлевізійнай трансляцыі чэмпіянату свету. Акрамя трансляцыі гульняў тэлеканал "Беларусь 1" прапануе тэлегледачам цыкл навінавых выпускаў і сюжэтаў інфармацыйнага канала "Панарама", дзе журналісты агенцтва тэленавін раскажуць пра самыя цікавыя і захапляльныя моманты матчаў. Акрамя таго, на першым канале будуць выходзіць у вячэрнім эфіры відэаагляды кожнага гульнявога дня.

Тэлеканал "Беларусь 5" на час правядзення ЧС 2014 стане практычна цалкам хакейным. Перыпетыям чэмпіянату будзе нададзена максімальная колькасць эфірнага часу. Акрамя таго, будуць паказаны відэаагляды ўсіх матчаў чэмпіянату. Таксама штодня на "Беларусь 5" у прамым эфіры будзе выходзіць праект "Авертайм. Чэмпіянат свету. Мінск-2014". У спецыяльна арганізаваную студыю ў "Мінск-Арэне" будуць запрашацца хакейныя спецыялісты, спартыўныя заўзятары, зоркі хакея, якія разам з вядучымі абмяркуюць згуляныя матчы, маючыя адбыцца гульні, навіны першынства. Такім чынам, праект будзе папярэднічаць трансляцыям, а таксама выходзіць у перапынках і пасля гульняў непасрэдна са спартыўных арэн. Акрамя таго, Белтэлерадыёкампанія будзе ажыццяўляць трансляцыю спаборніцтваў на сваім афіцыйным сайце ў Інтэрнэце. А першы нацыянальны канал беларускага радыё адновіць старую добрую традыцыю каментаваць матчы для сваіх радыёслухачоў.