12 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Унітарнае прадпрыемства "Белтехнагляд" рэкамендуе аўташколам выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы кіроўцаў навучальныя аўтамабілі, абсталяваныя сістэмамі відэаназірання. Пра гэта сёння паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, дырэктар прадпрыемства Анатоль Пашкевіч. У Віцебску ён прымае ўдзел у рэгіянальным семінары-нарадзе кіраўнікоў навучальных арганізацый, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кіроўцаў у Віцебскай вобласці.
Выкарыстанне тэхнічных сродкаў відэакантролю будзе спрыяць павышэнню якасці падрыхтоўкі кіроўцаў, дапаможа зрабіць яе цалкам адпаведнай сучасным патрабаванням, упэўнены ён. Відэазапіс дае магчымасць курсанту разам з майстрам навучання ўжо пасля заняткаў па практычным ваджэнні ў спакойнай абстаноўцы прааналізаваць падзеі, разабраць памылкі, вызначыць, чаму неабходна надаць больш увагі. Акрамя таго, аўташколы закліканы прадастаўляць курсантам якасныя паслугі, а сістэма відэаназірання дае магчымасць у пэўнай ступені гарантаваць гэту якасць, служыць інструментам кантролю за выкананнем спажывецкіх правоў курсантаў. Пакуль яшчэ нярэдка сустракаюцца выпадкі, калі майстар дазваляе сабе зэканоміць на курсанце, дзесьці схалтурыць, адзначыў Анатоль Пашкевіч.
"Мы рэкамендуем аўташколам абсталяваць такімі сістэмамі хаця б па адным навучальным аўтамабілі, а таксама абавязкова выкарыстоўваць машыны з сістэмай відэаназірання пры прыёме экзаменаў", - удакладніў кіраўнік "Белтехнагляда". У перспектыве магчыма ўкараненне сістэм відэаназірання на аўтадромах, каб можна было весці ўвесь працэс навучання пад відэаназіраннем.-0-
БЕЛТА
"Белтэхагляд" прапануе аўташколам абсталяваць навучальныя аўтамабілі сістэмамі відэаназірання
12.11.20100 праглядаў