23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. СТАА "Белвест" (Віцебск) да канца года павялічыць колькасць магазінаў у Расіі да 150, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
У цяперашні час у Расіі дзейнічае 127 магазінаў СТАА "Белвест". Актыўна развіваючы сваю фірменную гандлёвую сетку, віцебскае абутковае прадпрыемства ў верасні бягучага года адкрыла ў Расіі 15 новых магазінаў. Усяго з пачатку года ў гэтай краіне заснавана 55 магазінаў СТАА "Белвест". "Мы асвойваем новыя расійскія рэгіёны - Урал, Паволжа і поўдзень Расіі. Чаpговыя магазіны пачалі працаваць у Екацярынбургу, Чалябінску, Валгаградзе, Астрахані, Краснадары, Растове-на-Доне і Стаўрапалі", - распавялі на прадпрыемстве.
З пачатку бягучага года рэалізацыя абутку ў фірменнай сетцы СТАА "Белвест" у Расіі вырасла на 173% у параўнанні з 2010-м. У Беларусі гандлёвая сетка прадпрыемства прадстаўлена 30 магазінамі ў розных гарадах краіны. Да зімовага сезону адкрыецца чацвёрты па ліку магазін СТАА "Белвест" у Мінску.
Віцебскае прадпрыемства "Белвест" утворана ў 1988 годзе з удзелам нямецкай кампаніі Salamander. З канца 2002 года "Белвест" - беларуска-расійскае прадпрыемства. Вырабляе абутак з натуральнай скуры для мужчын і жанчын, у апошнія гады значна пашыраны калекцыі святочнага і спартыўна-паўсядзённага абутку. З моманту заснавання прадпрыемства вырабіла звыш 37 млн. пар скуранога абутку. Па стане на сённяшні дзень яго вытворчая магутнасць складае больш за 2 млн. пар. Два разы на год "Белвест" абнаўляе асартымент больш чым напалову. Каля 50% выпускаемай прадукцыі рэалізуецца за мяжой. Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам".-0-
БЕЛТА
"Белвест" да канца года павялічыць колькасць крам у Расіі да 150
23.9.20110 праглядаў