17 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "БелВітуніфарм" і ўнітарнае прадпрыемства "Віцебская біяфабрыка" да сярэдзіны 2012 года могуць стаць адным прадпрыемствам. Аб гэтым сёння на сумесным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама паведаміў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец. На думку губернатара, такое аб'яднанне дазволіць павялічыць вытворчасць імпартазамяшчальных медыцынскіх прэпаратаў у Беларусі. "БелВітуніфарм" створана ў 2008 годзе, акцыянавана ў 2011-м з удзелам Іарданскага фармацэўтычнага прадпрыемства JPM. Асноўнымі відамі дзейнасці акцыянернага таварыства з'яўляюцца вытворчасць фармацэўтычных прэпаратаў і матэрыялаў, а таксама лекавых прэпаратаў для ветэрынарыі, медыцынскіх інструментаў, апаратаў і абсталявання. У цяперашні час у "БелВітуніфарме" дзейнічае лінія па фасоўцы і ўпакоўцы лекавых прэпаратаў, якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў канцы 2010 года. Першым прэпаратам "БелВітуніфарма" стала нестэроідны супрацьзапаленчы абязбольвальны сродак "Оксімал". Прадпрыемства ўжо зарэгістравала шэсць найменняў лекавых прэпаратаў, да канца года плануецца перадаць на рэгістрацыю яшчэ шэсць, а ў пачатку 2012 года гэты пералік мяркуецца пашырыць да 28 прэпаратаў. Тэхналагічныя дасье на прэпараты перадае другі заснавальнік - Іарданская фармацэўтычная кампанія JPM. Да 2013 года прадпрыемства мае намер запусціць поўны цыкл вытворчасці лекавых сродкаў. Віцебская біяфабрыка заснавана ў 1930 годзе. У 2006-2010 гадах на прадпрыемстве быў рэалізаваны інавацыйны праект "Пашырэнне УП "Віцебская біяфабрыка". З яго завяршэннем на прадпрыемстве стаў магчымы выпуск гатовых лекавых форм, бактэрыяльных вакцын і інфузійных раствораў, вірусных вакцын. Разам з тым з-за адсутнасці кваліфікаваных спецыялістаў у галіне біятэхналогій прадпрыемства не можа выйсці на стабільную працу.-0-

БЕЛТА