17 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатоў - БЕЛТА/. ААТ "БелВітуніфарм" (Віцебск) плануе да 2013 года запусціць поўны цыкл вытворчасці лекавых сродкаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выконваючы абавязкі дырэктара прадпрыемства Вадзім Лапешкін. Агульны разліковы аб'ём інвестыцый па праекце складае каля 13 млн. еўра, фінансаванне плануецца забяспечыць за кошт крэдытных рэсурсаў і сродкаў заснавальнікаў акцыянернага таварыства. Стварэнне вытворчасці лекавых прэпаратаў па поўным тэхналагічным цыкле (ад субстанцыі да гатовай лекавай формы) прадугледжвае будаўніцтва так званых чыстых памяшканняў для фармпрамысловасці, закупку і ўстаноўку новага абсталявання, тэхналагічных сістэм, а таксама арганізацыю і акрэдытацыю лабараторый, у якіх плануецца ствараць новыя лекавыя сродкі. Праектная магутнасць вытворчасці складзе да 1 млрд. таблетак і 200 млн. капсул у год. Тэхналагічны працэс прадугледжваецца арганізаваць у чатыры патокі. Праект будзе рэалізаваны ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі GMP, што дазволіць ствараць канкурэнтаздольныя на ўнутраным і знешнім рынках лекі, падкрэсліў Вадзім Лапешкін. Стварэнне поўнага цыклу вытворчасці прадугледжана другім этапам рэалізацыі маштабнага праекта па арганізацыі ў Віцебску фармацэўтычнага прадпрыемства. У цяперашні час у "БелВітуніфарме" дзейнічае лінія па фасоўцы і ўпакоўцы лекавых прэпаратаў, якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў канцы 2010 года. Максімальная прадукцыйнасць лініі складае да 400 блістэраў (першасных упаковак ад 5 да 10 таблетак) у хвіліну, а прымяняемая тэхналогія мінімізуе адходы ўпаковачных матэрыялаў. Першым прэпаратам "БелВітуніфарма" стала нестэроідны супрацьзапаленчы абязбольваючы сродак "Оксімал". Прадпрыемства ўжо зарэгістравала шэсць найменняў лекавых прэпаратаў, да канца года плануецца перадаць на рэгістрацыю яшчэ шэсць, а ў пачатку 2012 года гэты пералік прадугледжваецца пашырыць да 28 прэпаратаў. Тэхналагічныя дасье на прэпараты перадае Іарданскае фармацэўтычнае прадпрыемства JPM, якое з'яўляецца адным з заснавальнікаў "БелВітуніфарма". Акрамя таго, у перспектыве на прадпрыемстве прадугледжваецца арганізаваць навукова-даследчы цэнтр сумесна з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам.