29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўдалося забяспечыць бесперабойную працу прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу. Адпаведныя пытанні абмяркоўваліся падчас даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі ("Белнафтахім") Андрэю Рыбакову, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу пацікавіўся працай нафтаперапрацоўчых заводаў. "Якая цяпер сітуацыя ў параўнанні з тым, што было на мінулы год, на пачатак гэтага года? У дынаміцы што ў нас адбываецца? Зразумела, як мы будзем выходзіць на паказчыкі?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

У гэтай жа сувязі Аляксандр Лукашэнка спытаў, як ідуць справы з работамі па завяршэнні мадэрнізацыі двух айчынных НПЗ, і калі ёсць праблемныя пытанні, то ў чым іх прычыны.

У цэлым кіраўніка дзяржавы цікавіла, як нафтахімічны комплекс краіны адаптуецца да санкцыйнага рэжыму: "Мы ўсе гаворым: "Нафта, нафта". Нафтахімія, хімічная прадукцыя. Як працуюць прадпрыемствы? Няхай іх нават няшмат, але яны магутныя, вялікія. Тое ж самае: што ў нас адбываецца на гэтых прадпрыемствах? Як ідзе рэалізацыя, экспарт?"

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на "немалы пласт праблем" у імпартазамяшчэнні. Гэта тэма, якая тычыцца ў тым ліку "Белнафтахіма".

Яшчэ адно пытанне - развіццё інтэграцыйнага супрацоўніцтва. "Саюзная праграма па фарміраванні адзінай тэрыторыі па нафце і газе. Як тут прасоўваецца пытанне?" - пацікавіўся беларускі лідар.

Як далажыў Андрэй Рыбакоў, удалося забяспечыць бесперабойную працу абсалютна ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у канцэрн. "Мы забяспечылі ўсе плацяжы ў неабходным аб'ёме ў бюджэт, своечасова праводзіцца аплата за ўсе энергетычныя рэсурсы, у поўным аб'ёме і ў тэрмін выплачваецца заработная плата. Прычым за 6 месяцаў рэальная заработная плата ў цэлым па канцэрне адпавядае ўзроўню мінулага года", - сказаў ён.

Крыніца: belta.by