19 сакавіка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Бясплатныя кансультацыі па пытаннях развіцця прадпрымальніцтва будуць арганізаваны ў Віцебскай вобласці, паведаміла журналістам выканаўчы дырэктар грамадскага аб'яднання "Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў" Ніна Лук'янава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ніна Лук'янава адзначыла, што бясплатныя кансультацыі - адзін з напрамкаў дзейнасці па рэалізацыі праекта "Павышэнне эфектыўнасці работы па развіцці прадпрымальніцтва і актывізацыі дзейнасці грамадскага аб'яднання "Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў" у раёнах Віцебскай вобласці". Рэалізацыя праекта, які стартуе ў рэгіёне, прадугледжвае арганізацыю 4 выязных семінараў па пытаннях развіцця прадпрымальніцтва і павышэння дзелавой актыўнасці, правядзенне анкетавання прадпрымальнікаў у раёнах, падрыхтоўку аналітычнага матэрыялу і выпрацоўку рэкамендацый па развіцці прадпрымальніцтва ў вобласці.
Па словах Ніны Лук'янавай, павышэнне эфектыўнасці работы асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў абумоўлена патрэбай актывізацыі дыялогу бізнесу з мясцовымі органамі кіравання. "Мерапрыемствы праекта накіраваны на развіццё такога дыялогу ў мэтах паляпшэння дзелавой сітуацыі і павышэння прадпрымальніцкай ініцыятывы ў раёнах вобласці", - сказала выканаўчы дырэктар.
Яна падкрэсліла, што праграма выязных семінараў мае ярка выяўленую практычную накіраванасць: гаворка пойдзе аб формах і метадах работы па падтрымцы прадпрымальніцтва, арганізацыі экспартнай дзейнасці, стварэнні і развіцці бізнесу пры дапамозе інтэрнэт-тэхналогій. "На семінарах адкажам на любыя пытанні, дамо асабістыя кансультацыі па дзяржаўнай падтрымцы, арганізацыі бізнесу, падаткаабкладанні", - сказала Ніна Лук'янава.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)