У Віцебску з 13 па 14 ліпеня пройдзе акцыя "Любімаму гораду прысвячаецца…". Гасцей і жыхароў абласнога цэнтра запрашаюць на бясплатныя экскурсіі па горадзе і квэст, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Падчас акцыі студэнты гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М. Машэрава і навучэнцы аб'яднання па інтарэсах "Юны экскурсавод" абласнога палаца дзяцей і моладзі правядуць бясплатныя пешаходныя экскурсіі. Сярод іх - "Кстоўская, Плоская і Востра-Спасская. Па Віцебскіх гарах" (збор каля галоўнага корпуса Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны па вул. 1-я Даватара, 7/11 у 13.00), "Вялікая гісторыя маленькіх вуліц" (збор у 16.00 каля помніка героям Айчыннай вайны 1812 года па вул. Савецкай), "Ад Вакзальнай да Кірава" (збор каля фантана на Прывакзальнай плошчы ў 10.00), "Узгорская слабада" (збор у 14.30 каля помніка Леніну на плошчы яго імя), "Літаратурны Віцебск. Хатабыч і Дуброўскі" (збор у 11.30 каля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа).
Акрамя таго, госці і жыхары горада змогуць прыняць удзел у бясплатным гарадскім квэсце і самастойна разгадаць таямніцы фестывальнага Віцебска. Заданні можна атрымаць у турыстычным інфармацыйным цэнтры каля ратушы.
Акцыя "Любімаму гораду прысвячаецца…" праходзіць штогод з 2013 года. Яе рэалізуюць гістарычны факультэт ВДУ імя П.М. Машэрава і аддзел спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама пры падтрымцы ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама. З гэтага года да акцыі далучыліся навучэнцы аб'яднання па інтарэсах "Юны экскурсавод" абласнога палаца дзяцей і моладзі.