20 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бясплатныя прэзерватывы будуць раздаваць ВІЧ-інфікаваным у пяці беларускіх гарадах, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Беларускага грамадскага аб'яднання "Пазітыўны рух" Таццяна Жарнасек.
Такі сэрвіс "Пазітыўнага руху" будзе даступны ВІЧ-пазітыўным людзям у Гомелі, Віцебску, Пінску, Светлагорску і Мінску з 27 жніўня 2012 года.
"Правільнае выкарыстанне прэзерватыва дазваляе эфектыўна абараніць партнёра ад заражэння ВІЧ і інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППП), - сказала Таццяна Жарнасек. - Прымяненне прэзерватыва таксама неабходна парам, дзе абодва партнёры жывуць з ВІЧ, бо папярэджвае заражэнне іншымі варыянтамі ВІЧ".
Каб атрымаць сродкі абароны, трэба звярнуцца ў любы цэнтр сацыяльнага суправаджэння. Людзі, якія жывуць з ВІЧ, могуць рэгулярна атрымліваць тут прэзерватывы, не называючы пры гэтым асабістых даных.
Сэрвіс рэалізуецца Беларускім грамадскім аб'яднаннем "Пазітыўны рух" пры падтрымцы гранта Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй (ГФ) "Забеспячэнне ўсеагульнага доступу ключавых пацярпелых груп насельніцтва ў Беларусі да прафілактыкі, лячэння і догляду ў сувязі з ВІЧ".-0-
БЕЛТА
Бясплатныя прэзерватывы будуць раздаваць ВІЧ-пазітыўным людзям у пяці беларускіх гарадах
20.8.20120 праглядаў