4 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстава беспрадметнага мастацтва "ABSTRACT-2012" адкрываецца сёння ў Віцебску. Сёлета арт-праект адбудзецца ў 14-ы раз, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва.
У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, аб'екты, інсталяцыі. Сярод удзельнікаў - віцебскія мастакі, у тым ліку маладыя аўтары, а таксама мастакі з Мінска.
"ABSTRACT" - адзін з найбольш цікавых аўтарскіх праектаў у мастацкім жыцці Віцебска. Ініцыятарам і нязменным куратарам праекта з'яўляецца Васіль Васільеў, член Беларускага саюза мастакоў, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Праект арыентаваны на экспанаванне работ мастакоў беспрадметнага напрамку сучаснага мастацтва, бо гэтыя тэндэнцыі для Віцебска з'яўляюцца пераважнымі.
Беспрадметнасць у сучасным мастацтве - гэта імкненне да адыходу ад дакладнага прадстаўлення і ўяўнага разумення. Аўтары экспазіцыі сваю ўвагу пераключаюць з прадмета на форму, як гэта рабілі заснавальнікі абстрактнага мастацтва.
Традыцыі беспрадметнага мастацтва былі закладзены ў Віцебску яшчэ ў 1910-1920 гады творчымі пошукамі выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і звязаны перш за ўсё з мастацкімі эксперыментамі Казіміра Малевіча і членаў аб'яднання УНОВІС.
Пазней абстрактны напрамак быў падтрыманы Аляксандрам Салаўёвым, творчасць якога аказала ўплыў на многіх сучасных мастакоў горада (творчае аб'яднанне "Квадрат" і г.д.). Удзельнікаў праекта "ABSTRACT" можна назваць прадаўжальнікамі эксперыментаў заснавальнікаў Віцебскай мастацкай школы ў іх даследаваннях феномену беспрадметнасці.-0-
БЕЛТА
Абстрактнае мастацтва прадстаўлена на выставе ў Віцебску
4.4.20120 праглядаў