Сёлета на Віцебшчыне выпускнікамі сярэдніх школ стануць 5400 дзяцей. Пуцёўкі ў дарослае жыццё яны атрымаюць падчас урачыстага вечара разам з атэстатамі і сертыфікатамі цэнтралізаванага экзамену. Лепшых вучняў узнагародзяць медалямі, што стане падставай для паступлення ў ВНУ без экзаменаў.Выпускнікі Расонскай сярэдняй школы імя П. М. Машэрава.
Фуршэт — ад школьных кухароў
— У абітурыентаў як на Віцебшчыне, так і ў цэлым па краіне цяпер значна больш магчымасцей стаць студэнтам прыярытэтнай навучальнай установы па мэтавай падрыхтоўцы. Істотныя прэферэнцыі — у пераможцаў трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскіх алімпіяд. Увогуле, для атрымання пуцёўкі ў дарослае жыццё ёсць розныя спосабы. А як у гэтым жыцці не згубіцца і выбраць правільную дарогу, у напутлівым слове падчас выпускнога вечара раскажуць кіраўнікі школ і гімназій, педагогі і бацькі, — адзначыў начальнік аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Бедзякоў.
На урачыстай лінейцы традыцыйна выступаюць прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады, вядомыя палітычныя, грамадскія, спартыўныя і культурныя дзеячы. Уладзімір Бедзякоў акцэнтаваў увагу, што ў сцэнарыях вечароў закладзена ідэалагічны складнік, зроблены акцэнт на гістарычнай памяці. Галоўным чынам прасочваецца тэма 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Традыцыйна выпускныя вечары пройдуць у родных школах і гімназіях — ніякіх рэстаранаў і піцейных устаноў. Стравы з выпускнога меню прыгатуюць у харчаблоках устаноў адукацыі. Гэта зручная форма арганізацыі бяспечнага, смачнага і недарагога харчавання. Улічваюцца перавагі і пажаданні школьнікаў і іх бацькоў.
— Па завяршэнні забаўляльнай праграмы рабяты выйдуць на тэрыторыю школы, у лясопарк, на набярэжную, каб сустрэць світанак, — падкрэсліў Уладзімір Бедзякоў. — А разам з імі — кіраўнікі ўстаноў адукацыі, педагогі, бацькі. Слаўная традыцыя захоўваецца амаль ва ўсіх школах і гімназіях.
На памяць настаўніку — вершы
У Арэхаўскай сярэдняй школе імя Ю. В. Смірнова Аршанскага раёна, мабыць, самая цікавая традыцыя. Яна заключаецца ў тым, што выпускнікі пішуць вершы і ствараюць памятныя вырабы персанальна для кожнага настаўніка. Хлопцы актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы сцэнарыя для выпускнога вечара пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара.
— Прыцягваем у тым ліку дзесяцікласнікаў, — распавядае дырэктар школы Ганна Языкава. — Яны пераемнікі традыцый. Урачыстая частка доўжыцца каля дзвюх гадзін, на ёй гучаць віншаванні гасцей, настаўнікаў, класнага кіраўніка, напутлівыя словы. Запрашаем старшыню гарпасёлкавага выканкама, кіраўнікоў прадпрыемстваў, прадстаўніка Аршанскага райвыканкама. Пасля ўручэння атэстатаў і сертыфікатаў цэнтралізаванага экзамену хлопцаў чакае фотасесія, забаўляльная частка, святочны стол у школьнай сталоўцы ад мясцовых кухараў.
Разам з педагогамі і бацькамі хлопцы на школьным двары сустракаюць світанак, выпускаюць шары з пажаданнямі. Кожны з адзінаццацікласнікаў арэхаўскай школы вызначыўся з выбарам будучай прафесіі. Яны штурмуюць аграрныя, педагагічныя, юрыдычныя і нават авіяцыйныя спецыяльнасці. Нацэлены толькі на поспех, а бацькі і настаўнікі заўсёды падтрымаюць.
Шэсце — па цэнтральнай вуліцы
Выдатная традыцыя па правядзенні выпускных вечароў склалася ў Расонскай сярэдняй школе імя П. М. Машэрава. Перад пачаткам урачыстасці хлопцы збіраюцца на школьным двары, слухаюць напутлівае слова дырэктара, спяваюць гімн і ідуць прыгожым шэсцем па цэнтральнай вуліцы гарпасёлка для ўскладання кветак да мемарыяльнага комплексу.
— За шэсцем назіраюць мясцовыя жыхары, — распавядае дырэктар школы Алена Марозава. — Урачыстую частку па традыцыі праводзім у РДК, дзе збіраюцца бацькі, педагогі і ўсе ахвотныя. У зале прысутнічаюць прадстаўнікі райвыканкама, аддзела па адукацыі.
Потым дзеці адпраўляюцца ў родную школу, дзе для іх арганізавана святочная дыскатэка, забаўляльная праграма. Далей — сустрэча світанку з педагогамі і бацькамі. Сёлета ў расонскай сярэдняй школе 24 выпускнікі.
— У кожнага наконт правядзення выпускнога вечара могуць быць розныя перавагі, у сем'ях — неаднолькавы ўзровень дастатку, — тлумачыць Алена Марозава. — Таму прыдумалі бюджэтны варыянт, які задаволіць усіх. Фуршэт арганізавалі ў школьнай сталоўцы, якая выглядае ідэальна: у 2022 годзе капітальна адрамантавана. Самастойна аформілі фотазону. У якасці вядучага бацькі вырашылі запрасіць прафесіянала з боку.
Такім атрымаецца завяршальны акорд з гульнямі, успамінамі, пажаданнямі. Святочны настрой з дзецьмі падзеляць іх бацькі і педагогі.
vitebsk-region.gov.by