21 лістапада, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. У Беларусі неабходна развіваць безнаяўныя разлікі ў аб'ектах прыдарожнага сэрвісу. Пра гэта паведаміла сёння старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова на адкрыцці IX Міжнароднага форуму па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях "БанкІТ’12", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Неабходна, каб за аўтамабільны сэрвіс можна было разлічвацца не толькі наяўнымі грашыма, але і з дапамогай сродкаў безнаяўнага разліку, сказала Надзея Ермакова. Укараняць безнаяўныя сродкі разліку прапануецца ў пунктах спагнання платы за праезд на аўтамабільнай дарозе, а таксама ў аб'ектах прыдарожнага сэрвісу.
Акрамя таго, безнаяўныя разлікі неабходна больш актыўна прасоўваць у сельскую мясцовасць. Для гэтага існуе маса магчымасцей. Нацыянальны банк папрасіў распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння дапамагчы з прасоўваннем ІТ-тэхналогій у сельскую мясцовасць. У цэлым, як адзначыла Надзея Ермакова, у рэспубліцы павінны развівацца розныя сродкі разліку, у тым ліку дыстанцыйныя.
Наведаўшы выставу, арганізаваную ў рамках форуму "БанкІТ’12", кіраўнік Нацбанка змагла па-новаму зірнуць на ролю ІТ-тэхналогій у банкаўскай сістэме. "Парадавала, што ў Беларусі ёсць нямала кампаній, якія прасоўваюць банкаўскія ІТ-тэхналогіі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой", - патлумачыла яна. Многія кампаніі экспартуюць праграмнае забеспячэнне для банкаўскага сектара.
Форум "БанкІТ" праводзіцца з 2004 года. Ён з'яўляецца пляцоўкай для банкаў і распрацоўшчыкаў ІТ-рашэнняў, дзе яны могуць абмеркаваць бягучыя праблемы і ўмацаваць супрацоўніцтва. "Форум уносіць вялікі ўклад у удасканаленне ІТ-тэхналогій у банкаўскай сістэме Беларусі", - лічыць Надзея Ермакова. Пры гэтым цяперашні форум, які праходзіць 21-22 лістапада ў Мінску, аказаўся самым шматлікім, павялічылася і колькасць секцый, на якіх плануецца абмеркаваць розныя пытанні прымянення інфармацыйных тэхналогій у банкаўскай сістэме.
Банкаўская сістэма Беларусі, на думку старшыні праўлення, займае лідзіруючыя пазіцыі па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій у сферы абслугоўвання кліентаў. "Банкаўская сістэма заўсёды ідзе на крок наперад у плане ўкаранення ІТ-рашэнняў у параўнанні з іншымі галінамі", - падсумавала Надзея Ермакова.
БЕЛТА
БЕЗНАЛЁТАВЫЯ РАСЧЫТКІ БУДУЦЬ УНЕДРАЦЬ У ПРЫДАРОЖНЫ СЕРВІС
21.11.20120 праглядаў