"Бяспечная школа" з'явілася ў Віцебскай вобласці
25.10.20110 праглядаў
25 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзяржаўная гімназія №8 Віцебска стала першай у вобласці "бяспечнай школай", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар гімназіі Раіса Грабоўская.
Незвычайнасць дадзенай навучальнай установы звязана з з'яўленнем у ёй комплексу "Бяспечная школа", які можна параўнаць па сваіх функцыянальных мэтах з кантрольна-праходным пунктам любога сур'ёзнага прадпрыемства. Так, у склад комплексу ўваходзяць аўтаматычныя турнікеты, агароджа з магчымасцю імгненнай арганізацыі адкрытага проходу (сістэма "антыпаніка"), сістэма кантролю доступу, якая ідэнтыфікуе карты доступу і кіруе турнікетамі, камплект карт доступу на ўсіх вучняў, настаўнікаў і работнікаў школы. Пры ўваходзе і па вонкавым перыметры гімназіі працуюць відэакамеры назірання, што забяспечвае поўны кантроль як унутры навучальнай установы, так і на прылеглай да яе тэрыторыі. Дадзеная сістэма фактычна выключае з'яўленне ў будынку гімназіі старонніх асоб. Бацькі будуць чакаць сваіх дзяцей пасля заняткаў ля ўваходу, а пры неабходнасці сустрэцца з настаўнікам або класным кіраўніком вахцёры выклічуць педагога па гучнай сувязі і толькі ў яго суправаджэнні можна будзе прайсці далей. Комплекс уключае і шэраг іншых карысных опцый. Напрыклад, паслугу sms-апавяшчэння бацькоў аб наведванні дзіцем заняткаў (адпраўка паведамленняў ажыццяўляецца аўтаматычна на мабільны тэлефон бацькі ў момант уваходу і выхаду дзіцяці з будынка школы), яго бягучай паспяховасці і г.д.
У цяперашні час у школе вядзецца тэхнічная наладка комплексу, фарміруецца электронная база дадзеных, вырашаюцца іншыя пытанні функцыянальнага забеспячэння яго працы. Плануецца, што ў поўнай меры ў адпаведнасці са сваімі задачамі ён пачне працаваць ужо ў лістападзе.
Кошт комплексу складае Br90 млн. Аднак гімназіі №8 ён прадастаўлены бясплатна ў якасці доследнага эксперыменту адным з віцебскіх прадпрыемстваў. Бацькі навучэнцаў аплачваюць толькі па Br20 тыс. за выдачу карткі, пры жаданні - кошт камерцыйнай паслугі sms-апавяшчэння. Таксама ў выпадку псавання комплексу школьнікамі адпаведны рахунак будзе прад'яўлены бацькам хуліганаў.
"Правілы паводзін у гімназіі дастаткова строгія. Староннія асобы без суправаджэння работнікаў школы тут з'яўляюцца рэдкасцю. А запуск комплексу дазволіць цалкам выключыць падобныя выпадкі і забяспечыць бяспеку вучняў на самым высокім узроўні", - дадала Раіса Грабоўская, адзначыўшы, што менавіта за кошт гэтай перавагі тэхнічная навінка і атрымала ў калектыву гімназіі і бацькоў вучняў станоўчы водгук і падтрымку ў рэалізацыі. Вопыт працы расійскіх школ паказаў, што комплекс "Бяспечная школа" цалкам апраўдвае сваю назву і карыстаецца заслужаным даверам як у кіраўнікоў навучальных устаноў, так і ў бацькоў навучэнцаў, заключыла дырэктар.
Свой пункт гледжання наконт з'яўлення дадзенага комплексу карэспандэнту БЕЛТА выказаў і начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. "Гэта добрая, патрэбная справа, бо гаворка ідзе пра бяспеку дзяцей. Вядома, па меры магчымасцей мы будзем усталёўваць такія комплексы і ў іншых школах", - сказаў ён.-0-
БЕЛТА