Традыцыйны конкурс ЮІДД прайшоў па палепшанай праграме ў сярэдняй школе №3. Адны каманды паказвалі агітацыйна-мастацкае прадстаўленне, іншыя здавалі ПДР, медыцыну, фігурнае кіраванне роварам. У выніку час правядзення мерапрыемства скараціўся практычна ўдвая.

 Першай на сцэну ўзнялася каманда-пераможца мінулых спаборніцтваў. Галоўны герой - казачны персанаж Гары Потэр, трапляе да юных інспектараў дарожнага руху. Тыя старанна тлумачаць яму правілы захавання жыцця сабе і навакольным. Прадстаўленне суправаджаецца сучаснымі песнямі, рытмічнымі танцамі. Новым актуальным гучаннем напоўнілі «Бугі-вугі» з моладзевага фільма «Стылягі». І нават не пабаяліся замахнуцца на песню «Lipstick» гурта Jedward.

Інспектары сярэдняй школы № 1 адзначыліся знятым відэа, на якім яны ж навучаюць азам ПДР малышоў. Парадавалі вакалісты Бароўскай школы. Сярод выступоўцаў, удзельніца рэспубліканскага конкурсу «Залатая ліра» Дар'я Зарэцкая, якая займалася вакалам з чатырохгадовага ўзросту.

 Упершыню за гісторыю спаборніцтваў веды ПДР правяраў камп'ютар. Школьнікаў наблізілі да ўмоў здачы ў МРЭА: 10 пытанняў, 15 хвілін на ўсё. І тут адзначылася СШ №3 – усе ўдзельнікі адказалі бездакорна.Тэставалі па выпадковым білеце.

  Самым складаным і доўгім для ўсіх аказалася выпрабаванне ў спортзале: кожны пераадольваў па 10 элементаў. Абуралі ўдзельнікаў блізка расстаўленыя фішкі, паміж якімі, здавалася, амаль немагчыма праехаць. Чыста не адкаціўся ніхто.

  Прызавыя месцы занялі гарадскія каманды: першае - СШ №3, другое – СШ №1, трэцяе – гімназія. Затое не было роўных плакату, зробленаму Стайскай школай.

  ЮІДД з'ядноўвае школьнікаў і яркі таму прыклад каманда гімназіі. Аляксандра Лейка на апошняй рэпетыцыі падвярнула на лесвіцы нагу, пазней высветлілася – пералом. Дзяўчына не кінула каманду, сама здавала медыцыну і ППД, а перасоўвалася на спінах у аднакласнікаў.
 
Яўгенія ЛЯХ