З мэтай папярэджання пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, гібелі дзяцей на вадаёмах, траўматызму, а таксама правядзення адукацыйна-выхаваўчай работы ў галіне бяспекі жыццядзейнасці з падрастаючым пакаленнем падчас летніх канікул работнікі Лепельскага раённага аддзела па НС наведалі ўсе прышкольныя лагеры на тэрыторыі раёна.
Гэтыя сустрэчы са ратавальнікамі для дзяцей не першыя. І так склалася, што дзеці заўсёды чакаюць работнікаў аддзела з усмешкамі. На гэты раз усе сустрэчы праходзілі ў прышкольных лагерах у рамках рэспубліканскай акцыі «Канікулы без дыму і агню». Работнікі МНС размаўлялі з дзецьмі аб правілах паводзін на вадаёмах і пры наведванні лясоў, аб выкананні правілаў бяспекі на вуліцы і ў быце. Дзяўчаты і хлопцы з задавальненнем удзельнічалі ў розных гульнях, віктарынах, актыўна ўступалі ў дыялог і дзяліліся з ратавальнікамі сваімі ведамі па АБЖ, назапашанымі за навучальны год. Былі арганізаваны і спартыўныя пляцоўкі, дзе каманды змагаліся за веданне правілаў бяспекі.
Усім дзецям прадставілася магчымасць адчуць сябе сапраўднымі ратавальнікамі. Кожны мог пабыць за рулём пажарнага аўтамабіля, надзець ізалюючы процігаз і падыхаць у ім, а таксама паспаборнічаць у апрананні баявога адзення пажарнага ратавальніка.
Усе дзеці атрымалі станоўчы зарад эмоцый, папоўнілі свой багаж ведаў новай і карыснай інфармацыяй, а таксама атрымалі ад ратавальнікаў карысную наглядна-выяўленчую прадукцыю МНС.