У рамках другога этапа рэспубліканскай акцыі «Бяспечны Новы год!» работнікі Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі прафілактычныя мерапрыемствы з навучэнцамі ўсіх устаноў адукацыі горада і раёна, каб у чарговы раз нагадаць дзецям аб правілах бяспекі ў перыяд навагодніх святаў.

Выратавальнікі нагадалі дзецям аб небяспецы піратэхнічных вырабаў, пагаварылі аб асаблівасцях устаноўкі навагодняй елкі і выкарыстання электрычных гірлянд у перыяд навагодніх і калядных святаў. Не засталася па-за ўвагай і тэма бяспекі на лёдзе. Дзецям было строга ўказана на недапушчальнасць выхаду на тонкі лёд.

Акрамя гэтага, са старэйшакласнікамі выратавальнікі правялі займальную віктарыну «Навагодняя логіка», з дапамогай якой дзеці ўспомнілі дзеянні пры розных надзвычайных сітуацыях, як карыстацца вогнетушыцелем, аб небяспецы выкарыстання піратэхнічных вырабаў, у чым карысць АПІ і ўстаноўкі мабільнага дадатку «МНС Беларусі: дапамога побач».

А з дзецьмі з малодшых класаў работнікі МНС папрактыкаваліся, чым бяспечна ўпрыгожваць навагоднюю елку, разгадвалі зімовыя загадкі і раскалдоўвалі чароўныя сняжынкі, адказваючы на пытанні па бяспецы жыццядзейнасці. Затым работнікі МНС прапанавалі дзецям акунуцца ў казачную атмасферу і на некаторы час ператварыцца ў герояў мультфільма «Чароўная кніга МНС». Падчас тэатра-экспромта ўдзельнікам выдаваўся ліст з фразай, якую герой павінен казаць кожны раз, калі пачуе сваё «імя». Аб тым, што правілы бяспекі неабходна ведаць, засвоіў кожны герой, бо Воўк на ўласным прыкладзе паказаў, што маленькі феерверк можа прынесці вялікую бяду.

Не забылі дзецям расказаць аб конкурсах і віктарынах, якія праводзіць рэдакцыя часопіса «Малады ратавальнік» напярэдадні навагодніх святаў. Школьнікам прадэманстравалі часопіс «Малады ратавальнік» і прапанавалі адчуць сябе крыху чараўнікамі, напісаўшы добрае і цікавае пісьмо з пажаданнямі і адправіўшы яго ў рэдакцыю.

У завяршэнні дзеці паабяцалі, што пастараюцца выконваць усе правілы і патрабаванні, аб якіх яны пачулі на мерапрыемстве, а прадстаўнікі МНС пажадалі дзецям добрага і вясёлага настрою, і самае галоўнае, бяспечнага Новага года.