13 мая, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі на 1 мая бягучага года зарэгістраванае беспрацоўе захавалася на ўзроўні 0,5% да эканамічна актыўнага насельніцтва (год таму было 0,6%). Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Прычым за красавік узровень беспрацоўя застаўся нязменным ва ўсіх рэгіёнах краіны: у Віцебскай і Гомельскай абласцях на 1 мая гэты паказчык склаў па-ранейшаму 0,7%, у Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях - 0,6%, у Мінскай вобласці - 0,5%, у Мінску - 0,2%.

Паводле аператыўных даных, колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, практычна не змянілася: за красавік яна знізілася з 22 550 чалавек да 22 477 (дарэчы, гэта на 2,3 тыс. чалавек менш да ўзроўню 1 мая 2013-га).

Незапоўненых вакансій на 1 мая бягучага года, зыходзячы з заявак наймальнікаў, у краіне налічвалася 53,5 тыс. Большасць вакансій, як і раней, прызначаны для рабочых (74,8%). Напружанасць на рынку працы рэспублікі (колькасць беспрацоўных на адну вакансію) застаецца на ўзроўні 2013 года - 0,4.

У студзені-красавіку гэтага года аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні на створаныя працоўныя месцы і наяўныя вакансіі 45,9 тыс. чалавек, у тым ліку 35,6 тыс. беспрацоўных. У аплатных грамадскіх працах прынялі ўдзел 15,7 тыс. чалавек, з іх 9 тыс. беспрацоўных. Органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне накіравалі на прафабучэнне 3,8 тыс. чалавек. У мэтах стымулявання працоўнай мабільнасці грамадзян у студзені-красавіку аказана садзейнічанне ў перасяленні на новае месца жыхарства і працы 90 сем'ям беспрацоўных.

Саветам Міністраў зацверджана Дзяржаўная праграма садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2014 год з аб'ёмам фінансавання Br277 млрд 82,4 млн. Асноўная асаблівасць новай дзяржпраграмы - пераарыентацыя на вырашэнне праблем занятасці і павышэнне канкурэнтаздольнасці незанятых грамадзян, садзейнічанне працаўладкаванню мэтавых груп насельніцтва, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. Асаблівая ўвага нададзена мерапрыемствам па інтэграцыі ў працоўную сферу мэтавых груп насельніцтва, якія маюць патрэбу ў дадатковых гарантыях занятасці. Акцэнт зроблены на забеспячэнні занятасці моладзі, доўга непрацуючых грамадзян, асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)