5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт павялічыў план прыёму абітурыентаў у 2013 годзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўстановы.

Так, на дзённую бюджэтную форму навучання плануецца набраць 2048 чалавек, з іх 1273 – на прыродазнаўчыя спецыяльнасці, 775 чалавек – на сацыяльна-эканамічныя і гуманітарныя спецыяльнасці. Для параўнання: у 2012 годзе на дзённае бюджэтнае аддзяленне ў БДУ былі прыняты 2024 абітурыенты.

Для платнай формы навучання ўстаноўлены наступныя кантрольныя лічбы прыёму: на дзённую форму – 2514 (у 2012 годзе – 2107), на завочную – 1931 (1689).

"Павелічэнне лічбаў прыёму звязана з тым, што ў БДУ прадугледжваецца адкрыццё шэрагу новых прыродазнаўчых спецыяльнасцей, пералік якіх пакуль разглядаецца ў Міністэрстве адукацыі", – адзначылі ў прэс-службе Белдзяржуніверсітэта.

Разам з тым ва ўстанове звярнулі ўвагу, што на завочную бюджэтную форму навучання ў 2013 годзе план прыёму некалькі скараціўся. Плануецца прыняць 400 чалавек, у той час як у 2012 годзе было набрана 405. Скароціцца і план набору на ваенны факультэт, дзе падрыхтоўка будзе ажыццяўляцца па чатырох спецыяльнасцях і напрамках, а не па сямі, як гэта было ў 2012 годзе.

Адной з асаблівасцей прыёмнай кампаніі сёлеташняга года стане павелічэнне прыёму на скарочаную форму навучання выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прыём такіх абітурыентаў плануецца ажыццяўляць па васьмі спецыяльнасцях – у мінулым годзе было па трох.