21 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Білеты на ЧС па хакеі атрымае лепшая аматарская каманда хакеістаў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе хакейнай каманды "Віцебск".

У Лядовым палацы спорту абласнога цэнтра 22 сакавіка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё трэцяга чэмпіянату Віцебскай вобласці па хакеі з шайбай сярод аматарскіх каманд. У цяперашніх спаборніцтвах возьмуць удзел 12 каманд: 8 з раёнаў і 4 з Віцебска. Спаборніцтвы працягнуцца больш за месяц і завершацца 26 красавіка фінальным матчам.

Пераможцы спаборніцтваў будуць узнагароджаны кубкам і дыпломамі. А гульцы каманды-пераможцы таксама атрымаюць білеты на матч адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску паміж зборнымі Беларусі і ЗША, які адбудзецца 9 мая на "Мінск-Арэне". Каштоўнымі прызамі таксама будуць адзначаны лепшы гулец і брамнік абласнога чэмпіянату.

"Магчымасць заваяваць паездку на ЧС па хакеі ў Мінску стане магутным стымулам для ўсіх удзельнікаў спаборніцтва, дапаможа максімальна поўна раскрыць увесь патэнцыял кожнай каманды, а таксама паслужыць залогам яркай напружанай гульні паміж супернікамі, што даставіць нямала задавальнення гледачам і заўзятарам", - адзначылі ў ХК "Віцебск".-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)