1 лістапада, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Кошт праезду ў пасажырскіх цягніках міжнародных зносін павышаецца ў Беларусі з 1 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні Беларускай чыгункі. "Паколькі разлікі кошту праезду ў краіны Заходняй Еўропы вядуцца ў еўра, а ў краіны СНД і Балтыі - у швейцарскіх франках, кошт праязных дакументаў па гэтых напрамках зменіцца з 1 лістапада ў сувязі з усталяваннем Нацыянальным банкам Беларусі адзінага курса гэтых валют", - распавялі ў БЧ. Там адзначылі, што курс швейцарскага франка вырас на 57%. З улікам гэтага росту будзе вызначацца кошт праезду ў міжнародных цягніках. Кошт білета традыцыйна будзе залежаць і ад адлегласці паездкі. Да прыкладу, кошт праезду ў цягніку Мінск-Іркуцк у купэйным вагоне складзе Br3 млн. 525 тыс. 220 замест Br2 млн. 245 тыс. 800, плацкартным - Br1 млн. 754 тыс. 430 замест Br1 млн. 119 тыс. 670. За паездку ў Маскву на цягніку з Мінска №26 у купэйным вагоне давядзецца заплаціць Br593 тыс. 190 замест Br381 тыс. 180, у плацкартным вагоне - Br296 тыс. 100 замест Br192 тыс. 240. Білет на фірменны цягнік №52 Мінск-Санкт-Пецярбург у купэйны вагон будзе каштаваць Br804 тыс. 980 замест Br550 тыс. 810, у плацкартны - Br411 тыс. 270 замест Br265 тыс. 420. Пасажырскія перавозкі ў міжнародных зносінах у напрамку дзяржаў СНД і Балтыі ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з пагадненнем аб міждзяржаўным пасажырскім тарыфе. "Тарыфы ўстанаўліваюцца ў тарыфнай валюце і прымяняюцца асобна па чыгунках-удзельніцах за фактычную адлегласць паездкі (білет) і даплаты за праезд у вагоне адпаведнай катэгорыі чыгункі-ўласніка", - растлумачылі спецыялісты. У БЧ дадалі, што кошт праезду па Беларускай чыгунцы ў цягніках унутрырэспубліканскіх зносін застаўся на ранейшым узроўні. "Улічваючы сацыяльную значнасць унутрырэспубліканскіх пасажырскіх чыгуначных перавозак, тарыфы на іх у бягучым годзе ў Беларусі не падвышаліся", - падкрэслілі ў БЧ.-0-

БЕЛТА